Дзякуй за Перамогу!

Падзеі

Напярэдадні Дня Перамогі ў нашай рэспубліцы стартавала патрыятычная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Дзякуй за Перамогу!». Сімвал акцыі — чырвоная зорка на зялёным фоне з надпісам «Дзякуй за Перамогу!». Такія зоркі актывісты ГА «БРСМ» прымацоўваюць на дамы і кватэры ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Акцыя заклікана выхоўваць у падрастаючага пакалення грамадзянскую самасвядомасць, развіваць актыўную жыццёвую пазіцыю.

На Дзятлаўшчыне моладзь актыўна ўключылася ў мерапрыемства. У рамках акцыі «Дзякуй за Перамогу!» 3 мая першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ» Кацярына Хілімончык і навучэнцы гімназіі №1 горада Дзятлава накіраваліся ў госці да ветэранаў, якія жывуць у райцэнтры. Да моладзевага праекта далучыліся таксама старшыня раённага савета ветэранаў Леанід Юльянавіч Кашко і артысты Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская і Таццяна Шостка.

Гасцей сустракалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч і Аляксандр Юльянавіч Лях. Напярэдадні свята яны атрымалі кветкі, паштоўкі, салодкія падарункі, таксама для іх гучалі цёплыя словы віншаванняў і песні.

Ва ўсіх кутках нашай краіны саюзная моладзь віншуе ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і кажа ім «Дзякуй за Перамогу!».

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *