Дзень Данілавіцкага сельсавета

Падзеі

Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета” адбылося 30 мая. У ім удзельнічалі кіраўнікі сельскіх  выканкамаў, кіраўнікі некалькіх раённых арганізацый і службаў.

 З сацыяльна-эканамічным становішчам Данілавіцкага сельскага савета і яго дзейнасцю ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміла яго старшыня Г. Жых. Сваё выступленне яна ілюстравала спачатку відэапрэзентацыяй, а потым і непасрэднай дэманстрацыяй зробленага ў час выезду на аб’екты. Удзельнікі Дня наведалі Круцілавіцкія ФАП і магазін, агледзелі добраўпарадкаванне тэрыторыі каля новага 4-кватэрнага дома ў Круцілавічах, пабылі ў Ведравічах, Навасёлках, Таркачах (мехдвор, збожжаток, МТФ, школа), у Стараельні наведалі касцёл і аграсядзібу А. Лашкоўскага “Медпанацэя”. На сядзібе ёсць пчаліная пасека, “пчаліны домік” для лекавых працэдур і самая вялікая ў Еўропе, сцвярджае гаспадар аграсядзібы, борць у ліпавым камлі.

Вось што пачулі і ўбачылі на свае вочы ўдзельніка Дня сельсавета.

Тэрыторыя Данілавіцкага сельскага савета складае 23731 га (237 квадратных кіламетраў), на якой размешчаны 39 паселішчаў, 973 гаспадаркі. Тут жывуць 1954 чалавекі, з іх 995 (51%) – працаздольныя, 733 (37%) –пенсіянеры, 226 (12%) – дзеці ва ўзросце да 16 гадоў, 1 ветэран Вялікай Айчыннай вайны, 3 былыя малалетнія вязні вайны, 97 адзінокіх, 469 чалавек жывуць адзінока, 16 шматдзетных сем’яў, 103 чалавекі маюць I і II групы інваліднасці, 5 дзяцей з’яўляюцца інвалідамі з дзяцінства.

Самыя буйныя паселішчы: аграгарадок Круцілавічы (485 жыхароў), аграгарадок Таркачы (273), вёскі Лапушна (182), Данілавічы (145), Ахонава (128). У 11 паселішчах жывуць менш, чым па 10 чалавек.

За 2016 год у сельвыканкаме зарэгістраваны 12 актаў аб нараджэнні, адбылася 1 рэгістрацыя шлюбу, 43 – смерці. За мінулы перыяд 2017 года нарадзіліся 4 дзіцяці, зарэгістраваны 5 шлюбаў, 19 смерцяў. Працэнт смяротнасці на тысячу насельніцтва складае 22,0.

У інфраструктуру сельсавета ўваходзяць адкрытае акцыянернае таварыства «Граніт-Агра», ТАА «Агражалезабетон», Ахонаўскае лясніцтва, праваслаўная царква вёскі Ахонава, касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Стараельня, тры аддзяленні паштовай сувязі.

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва здзяйсняюць 7 стацыянарных гандлёвых кропак райспажыўтаварыства, адзін прыватны магазін. У паселішчы, дзе адсутнічаюць стацыянарныя магазіны, прыязджае аўталаўка па зацверджаным графіку.

У дзяржаўных установах адукацыі навучаюцца і выхоўваюцца 148 дзяцей (у Таркачоўскім дзіцячым садзе-базавай школе – 43, Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе – 105 чалавек). Установы адукацыі маюць досыць высокую матэрыяльна-тэхнічную базу, з’яўляюцца ўзорам эстэтычнага афармлення і добраўпарадкавання тэрыторый у аграгарадках. Добра наладжаны адукацыйны працэс. Працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы выпускнікоў 2016 года Круцілавіцкай школы склаў 83. Вучні школ з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных конкурсаў.

Ва ўстановах культуры сельсавета створаны 20 клубных фарміраванняў. Праводзяцца мерапрыемствы для розных узроставых катэгорый насельніцтва (тэматычныя вечары, агеньчыкі, абрадавыя святы, святы вёсак і іншыя). Асабліва цікаваю і выніковаю з’яўляецца работа аматарскага аб’яднання «Нам гады – не бяда», фальклорнага гурта «Суседачкі» пры Данілавіцкім доме культуры і народнага фальклорнага гурта пры Ахонаўскім сельскім клубе. У аграгарадку Круцілавічы функцыянуе сельская бібліятэка.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць 4 ФАПы: Круцілавіцкі, Таркачоўскі, Лапушанскі, Ахонаўскі. Медработнікі рэгулярна праводзяць медыцынскае абследаванне адзінокіх грамадзян, аказваюць ім неабходную дапамогу, маецца неабходны асартымент лекаў. Распрацаваны графікі наведвання грамадзян на даму. У 2016 годзе праведзены капітальны рамонт ФАПа аграгарадка Круцілавічы, тут працуе малады спецыяліст Анастасія Кот, якая за год работы добра сябе зарэкамендавала.

Адным з напрамкаў дзейнасці сельвыканкама з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва, асабліва пажылых грамадзян. На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму знаходзіцца 30 чалавек. На ўмовах частковай аплаты абслугоўваюцца 14 чалавек, на ўмовах поўнай аплаты – 16. Працуе 5 сацыяльных работнікаў.

Пры сельвыканкаме створаны і праводзяць работу грамадскія фарміраванні. Гэта добраахвотная дружына, аглядавая камісія, савет жанчын, грамадскі пункт аховы правапарадку, інфармацыйна-прапагандысцкая група, іншыя. Вялікую работу праводзяць старасты паселішчаў, якіх 25 чалавек.

Шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню паселішчаў: выдаленню   кустоўя і абкошванню паводле плана добраўпарадкавання, падсыпцы дарог, выдаленню небяспечных дрэваў. Сёлета выдалены 237 небяспечных дрэваў: у аграгарадку Круцілавічы – уздоўж дарогі да мехдвара і за будынкам былога Дома быту (20 ), у Данілавічах – уздоўж вуліцы, каля возера, каля будынка былой школы (58); у Ведравічах і Навасёлках – на пустках (105). У маі выдалялі небяспечныя дрэвы ў Таркачах (запланавана выдаліць 55 таполяў). Акрамя таго, выдалены 19 дрэваў на могілках аграгарадка.

Сёлета зроблена падсыпка вуліц ва Уланаўшчыне, Ліжэйках, Данілавічах, дарог да могілак у Стараельні, Лапушне, адгрэйдавана вуліца Савецкая ў Ахонаве, пад’язная дарога да Клішавічаў.

На 30 мая 2017 года ў сельсавеце налічваецца 635 пустых хат, з іх трухлявых – 48. Летась знесены 10 трухлявых хат. За чатыры з паловай гады маёй работы на пасадзе старшыні сельскага Савета – 52. План зносу на 2017 год – 10 хат, ужо знесены 9. Па адной хаце ў Ведравічах і Хрольчыцах разбіраюць спадчыннікі. З 9 хат 8 разабраны сіламі ААТ «Граніт-Агра»,  1  — спадчыннікамі. Уведзены ў севаабарот 2 гектары зямлі.

Вялікая работа па добраўпарадкаванні праведзена ў Ведравічах. Жыхары даўно прасілі выдаліць небяспечныя дрэвы. Работу мы пачалі з восені 2016 года. Правялі збор грамадзян па месцы жыхарства, падрыхтавалі неабходныя дакументы на выдаленне 90 небяспечных дрэваў. Да мая 2017 года вычысцілі ад хмызняку і кустоўя пусткі, дзе заўсёды збіралася смецце, выдалілі 5 падмуркаў разабраных будынін. ААТ «Граніт-Агра» знёс будынак былога клуба, на тэрыторыі, прылеглай да помніка землякам, загінулым у гады вайны, пасадзілі пладовыя дрэвы. Усяго на гэту работу выдаткавалі 3585,32 рубля бюджэтных сродкаў.

Сіламі ААТ «Граніт-Агра» знесены 2 трухлявыя хаты ў аграгарадку Таркачы, 0,3 гектара зямлі ўведзены ў севаабарот і ўжо засеяны. У аграгарадку Круцілавічы пасля разборкі хаты перавораны ўчастак зямлі выдзелены маладой сям’і для акультурвання і агародніцтва.

Праведзены работы ААТ «Граніт-Агра» па зносе трухлявага дома ў Навасёлках: выдалены дрэвы, кустоўе, падмурак, 0,45 гектара зямлі ўведзены ў севаабарот і засеяны.

Акрамя разборкі пустых хат, ААТ «Граніт-Агра» праводзіць вялікую работу па навядзенні парадку на зямлі: разбірае вытворчыя будынкі, якія больш не выкарыстоўваюцца, раскарчоўвае пусткі, прылеглыя да ворных земляў, прыводзіць у належны стан палявыя дарогі . Так, знесены будынкі фермы БРЖ, гаспадарчыя пабудовы і суседні трухлявы дом у Хрольчыцах, 2 гектары зямлі акультураны і ўведзены ў севаабарот. Праведзены культуртэхнічныя работы ў Лапушне – уведзена ў севаабарот зямля на месцы былога бульбасартавальнага пункта. Выдалены 62 небяспечныя дрэвы (таполі) каля мехдвароў у Круцілавічах, Таркачах, каля збожжасклада ў Таркачах.

У сельсавеце заўважна актывізаваліся працэдуры ўступлення ў спадчыну, афармлення зямельных участкаў. За 2016 год натарыяльна аформілі свае спадчынныя правы 39 грамадзян, за 5 месяцаў 2017 года – 15.

Павялічылася колькасць куплі хатаў у вёсках сельскага савета гараджанамі пад дачы і для пражывання. У 2015 годзе куплены 13 хатаў, у 2016 годзе – 20, з іх для пражывання – 8, пад дачы – 12. Усяго выкарыстоўваюцца пад дачы 226 хатаў. У Круцілавічах, Яцуках, Юзафінах, Клішавічах практычна няма пустых хатаў. У Навасёлках, Лапушне, Стараельні, Рабках, Варакомшчыне, Таркачах – па 2-3 пустыя хаты. Але ёсць, на жаль, вёскі, дзе заселены толькі па 5-10 хатаў, а 15-20 – пустыя. Шукаем спадчыннікаў.

Для навядзення парадку на могілках (іх у нас 20) праводзяцца суботнікі. Сёлета суботнікі прайшлі на пяці могілках.

Заключаны дагаворы з жыхарамі 10 паселішчаў (Круцілавічы, Таркачы,  Данілавічы, Лапушна, Клішавічы, Ахонава, Стараельня, Навасёлкі, Рабкі, Варакомшчына) на вываз цвёрдых бытавых адходаў жылкамунгасам. Плануем заключыць такі дагавор з жыхарамі Ведравічаў.

З кіраўніцтвам ААТ «Граніт-Агра», Ахонаўскім лясніцтвам, ТАА «Агражалезабетон», кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый сельскага савета наладжаны кантакт, дасягнута поўнае паразуменне. Наладжана работа з актывам сельсавета, дэпутацкім корпусам, старастамі вёсак.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Калодка пазнаёміла ўдзельнікаў Дня з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Данілавіцкага сельсавета. Рэспандэнты адзначылі паляпшэнне работы сельвыканкама і мясцовых арганізацый у адказах па абсалютнай большасці пытанняў анкеты. А заўвагі тычыліся, у прыватнасці, работы службы быту і ў меншай ступені – гандлёвага абслугоўвання.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі станоўча ацаніў дзейнасць Данілавіцкага сельвыканкама і яго падрыхтоўку да Дня сельсавета, падзякаваў старшыні сельвыканкама Г. Жых і дырэктару ААТ “Граніт-Агра” С. Мазуру за вялікую работу па добраўпарадкаванні.Удзельнікі Дня сельсавета ў Таркачоўскім дзіцячым садку-школе. З установаю адукацыі гасцей знаёміць дырэктар садка-школы Г. Гаўрош. Добраўпарадкаванне аграгарадка Таркачы. Ксёндз Віктар запрашае ў касцёл у Стараельні. Пасека і «пчаліны домік» для лекавых працэдур на аграсядзібе «Медпанацэя» А. Лашкоўскага. Ляткі вулляў, што размешчаны ў «пчаліным доміку». Інтэр’ер доміка. На аграсядзібе — самая вялікая ў Еўропе, сцвярджае гаспадар, борць у ліпавым камлі. Там жывуць пчолы і складваюць мёд.

Наступны Дзень сельскага Савета прызначаны ў Дварцы.

Б. ВАРНА

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *