Дапамога павінна быць адрасная

Падзеі

Прайшло справаздачнае пасяджэнне прэзідыума Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Абмеркавалі пытанні выканання плана фінансавага паступлення за першы квартал 2017 года, зацвердзілі план месячніка Чырвонага Крыжа, падвялі вынікі акцыі «Пачні дапамагаць вясной».

Ацэнку рабоце раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа за першы квартал гэтага года даў намеснік старшыні райвыканкама І. С. Кухарэвіч. Ён зазначыў, што ў цэлым работа наладжана на належным узроўні. Радуе, што павялічылася колькасць пярвічных арганізацый. Аднак ёсць яшчэ пытанні з пераходам на фіксаванае членства.

Наступны важны момант — павелічэнне фінансавых паступленняў у 2017  годзе на 5%. Заданне даведзена абласной арганізацыяй таму, што летась расходы на статутную дзейнасць перавысілі 28%. Гэта адбылося за кошт павелічэння расходаў на аказанне дапамогі неабароненым катэгорыям грамадзян, аплату працы старшыняў і спецыялістаў раённых арганізацый, арэнды, транспартных расходаў. Акрамя таго, узнікла неабходнасць прыцягнення сродкаў на летняе аздараўленне дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, ажыццяўленне дзіцячага вопыту актыўнага валанцёрства ў сферы дапамогі пажылым людзям у Кастрычніцкім раёне горада Гродна. Таму будзем працаваць над выкананнем даведзенага задання. Пакуль што з планам спраўляемся (51,26% пры сярэднеабласным паказчыку — 40,85%).

У той жа час хочацца, каб старшыня раённай арганізацыі больш увагі надавала выступленням у працоўных калектывах, каб людзі, якія плацяць узносы, ведалі, на якія добрыя справы яны ідуць.

Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Г. Э. Касцюк расказала, што актыўна ў збор грашовых сродкаў уключыліся ўстановы адукацыі раёна. На фіксаванае членства пераведзены Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аптэка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У сакавіку рашэннем райвыканкама зняты з уліку пярвічкі ўстановаў, якія былі ліквідаваны (40 пярвічак). На ўлік пастаўлены новыя пярвічкі. Усяго ў раёне зарэгістравана 56 пярвічак Таварыства Чырвонага Крыжа.

У студзені 2017 года, згодна з планам дзейнасці, у раёне стартавалі дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы.

Адной з іх была акцыя «Пачні дапамагаць вясной». У час яе спонсары з Галандыі выдзелілі харчовыя наборы. Іх атрымалі інваліды першай групы, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і.

Цяпер распрацаваны план месячніка Чырвонага Крыжа.

Да старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Н. Я. Калодка. Яна прапанавала больш увагі надаць тым пярвічкам, работа ў якіх наладжана недастаткова актыўна.

Яшчэ Наталля Яўгенаўна зазначыла, што вялікае значэнне мае адрасная дапамога людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Такіх трэба выяўляць, і валанцёры Чырвонага Крыжа павінны дайсці да кожнага. А таму найлепш замацоўваць шэфаў з пярвічных арганізацый за людзьмі, якім патрэбна дапамога.
Таксама варта актывізаваць прапагандысцкую дзейнасць. Данесці ідэі міласэрнасці і гуманізму, на якіх будуецца работа Таварыства Чырвонага Крыжа, можна праз выступленне агітбрыгады. Справаздачу аб канкрэтных справах можна падаць у творчай форме. Агітбрыгада зможа выступаць у працоўных калектывах. Людзі будуць ведаць, як, чым, каму яны дапамагаюць сваімі ўзносамі.

І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *