Аб дзейнасці апякунскіх саветаў

Падзеі

Ва ўсіх установах адукацыі горада Гродна і Гродзенскай вобласці створаны апякунскія саветы, сродкі якіх паводле Палажэння аб апякунскім савеце ўстановы адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2011 года №146, могуць выкарыстоўвацца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы; паляпшэнне харчавання вучняў; правядзенне спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, сацыяльна-культурных, адукацыйных мерапрыемстваў; іншыя мэты, незабароненыя заканадаўствам.

Аналіз расходавання сродкаў апякунскага савета паказаў, што ў большасці выпадкаў за кошт дадзеных сродкаў набываліся будаўнічыя матэрыялы, мэбля, гаспадарчыя тавары.

За кошт добраахвотных (бацькоўскіх) узносаў аплачваліся выдаткі ўстановаў адукацыі па праверцы манометраў і электралічыльнікаў, страхаванне грамадзянскай адказнасці, дзяржрэгістрацыя аб’ектаў нерухомасці, ведамасная падпіска, падаўжэнне тэрміну дзеяння ліцэнзіі на права ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці, паслугі інтэрнэту, набыццё кабінак для галасавання. Пры гэтым, у вобласці застаецца праблемным пытанне аснашчэння і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі. Шэраг установаў дашкольнай адукацыі горада Гродна мае патрэбу ў навучальных выданнях па адукацыйных галінах, пасцельных рэчах, дзіцячай дашкольнай мэблі, цацках, гімнастычным і гульнявым абсталяванні.
Устаноўлены факты нерацыянальнага падыходу пры вызначэнні аб’ектаў бягучага рамонту, як следства, у асобных выпадках у першую чаргу праводзяцца рамонты ў кабінетах кіраўнікоў установаў, а не ў памяшканнях для дзяцей.

Н. КРЫВІЦКАЯ,
намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *