20 мая – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Фізкультура і спорт у раёне

Спорт і турызм

Фізкультурна-аздараўленчай работай у раёне займаюцца 89 спецыялістаў – 54 штатныя работнікі і 35 – па сумяшчальніцтве.

Для правядзення фізкультурна-аздараўленчай работы маюцца 144 спартыўныя збудаванні: 2 стадыёны, 20 спартыўных залаў, 1 стандарты 25-метровы плавальны басейн (225 м. кв.), 1 нестандартны плавальны басейн (125 м. кв.), 3 міні-басейны, 5 стралковых ціраў, 5 спартыўных пляцовак, 18 футбольных і міні-футбольных палёў, 23 прыстасаваныя памяшканні для заняткаў фізічнай культурай, 17 гімнастычных гарадкоў.

На будаўніцтва і рамонт спартыўных аб’ектаў летась затрачаны 42 тысячы рублёў. Закончана мадэрнізацыя стадыёна СШ №3 (скачковая яма, бегавыя дарожкі і сектары з гумавым пакрыццём).

Забяспечанасць спартыўным рыштункам (паводле зацверджанага пераліку) складае 82 працэнты (абласны паказчык – 81 працэнт). Спартыўнага рыштунку і абсталявання дакуплена на 25 тысяч рублёў.

У раёне працавалі 135 спартыўных груп, у іх займаўся 1601 чалавек. Сярэдні бал фізічнай падрыхтоўкі ў раёне склаў 6,56. 231 чалавек (9 працэнтаў) аднесены да спецыяльных медыцынскіх груп (у 2015 годзе – 206 чалавек, 7,9 працэнта).

Лепшымі спартыўнымі базамі прызнаны базы СШ №3, Хвінявіцкага д/с-СШ, Казлоўшчынскай СШ.

Летась прафсаюз работнікаў адукацыі  правёў круглагадовую раённую галіновую спартакіяду. Першае месца ў ёй заняла  СШ №3, другое – Хвінявіцкі д/с-СШ, трэцяе – СШ №1.

У круглагадовай спартакіядзе школьнікаў пераможцамі ў першай групе школ сталі СШ №3 і Казлоўшчынская СШ, у другой групе – Хвінявіцкі д/с-СШ, у трэцяй – Раготнаўскі д/с-БШ.

Па выніках раённай спартакіяды школьнікаў у зборныя каманды раёна былі адабраны 572 спартсмены. 35 з гэтай колькасці сталі ўдзельнікамі рэспубліканскіх спаборніцтваў у складзе зборных камандаў вобласці (3 – у біятлоннай камандзе, 17 – у хакейных, 5 – у камандах па вольнай і грэка-рымскай барацьбе, 10 – у лёгкаатлетычных камандах).

У 2016 годзе спартсмены раёна здабылі 53 медалі. У абласных спаборніцтвах у асабістым заліку 9 – залатых медалёў, 12 – срэбраных, 17 – бронзавых. У рэспубліканскіх спаборніцтвах 3 – срэбраныя, 3 – бронзавыя медалі.

У камандным заліку ў капілцы дзятлаўчан 9 медалёў. 1 золата, 3 срэбры, 1 бронза – у абласных спаборніцтвах. 1 золата, 3 срэбры – на рэспубліканскай арэне.

Самых высокіх вынікаў дамагліся хлопцы ў хакеі (“Залатая шайба”) і футболе (“Скураны мяч”), дзяўчаты – ў валейболе.

У вольнай барацьбе чэмпіёнкаю стала Анастасія Касач, бронзавым прызёрам – Жанна Галавач. У грэка-рымскай барацьбе бронзавы прызёр Іван Губко.

Вызначыліся лёгкаатлеты Арцём Лішык (бронзавы прызёр у скачках у дыўжыню), Дзмітрый Заяц (бронзавы прызёр у спрынце на 60 метраў і сярэбраны – у скачках у даўжыню), Вольга Загдай (бронзавы прызёр у трайным скачку), Ягор Сапожнікаў (броназвы прызёр у скачках у вышыню), Вікторыя Конан (бронзавы прызёр у скачках у даўжыню і чэмпіён у скачках у вышыню). Алёна Каўрыга стала пераможцаю рэспубліканскага фінальнага этапу спаборніцтваў “З00 талентаў для Каралевы”.

Высокай адзнакі заслугоўвае мэтанакіраваная работа трэнера-выкладчыка Раготнаўскай СШ Мікалая Міхайлавіча Анацкі. Вучні пад яго кіраўніцтвам дамагліся заўважных поспехаў на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Выхаванцы трэнера М. Анацкі рэгулярна ўваходзяць у зборныя каманды вобласці па лыжных гонках, біятлоне, зімовым шматбор’і. У 2009 – 2016 гадах вучні трэнера М. Анацкі больш 70 разоў стартавалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Па выніках абласнога агляду-конкурса на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы Дзятлаўскі раён у  2016 годзе заняў другое месца. Другое месца ў дзятлаўчан і ў абласной спартакіядзе школьнікаў па масавых відах спорту.

Задачы для перспектыўнага развіцця:

–  больш увагі надаць якаснай падрыхтоўцы спартсменаў з прычыны таго, што на працягу 2012 – 2016 гадоў ніводны жыхар Дзятлаўскага раёна не дасягнуў спартыўнага майстэрства на ўзроўні кандыдата ў майстры і майстра спорту. Няма прадстаўнікоў Дзятлаўшчыны, за выключэннем Карыны Альховік (жаночы футбол) і ў нацыянальных зборных камандах Рэспублікі Беларусь;

– патрабуе вырашэння кадравая праблема Дзятлаўскай ДЮСШ, у якой 77,8 працэнта спецыялістаў працуюць па сумяшчальніцтву;

– неабходна павысіць ахоп школьнікаў актыўнымі спартыўнымі заняткамі да хоць бы сярэднеабласнога ўзроўню, які складае 67 працэнтаў;

– вымагае актывізацыі работа спартыўных класаў;

– належыць сістэматызаваць пошук і перадачу талентаў ў спартыўныя аддзяленні Дзятлаўскай ДЮСШ;

– на балансе аддзела адукацыі, спорта і турызма 113 спартыўных збудаванняў, 27 з іх вымагаюць рамонту;

– прадоўжыць работу па забеспячэнні навучальных установаў спартыўным рыштункам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *