Электрабяспека пры лоўлі рыбы
Опубликовал

Электрабяспека пры лоўлі рыбы

У апошнія гады ў нашай краіне адзначаюцца частыя выпадкі траўмавання людзей электрычным токам пры лоўлі рыбы на берагах рэк і вадаёмаў у ахоўных зонах паветраных ліній электраперадач. Каб прадухіліць няшчасныя выпадкі, звязаныя з паражэннем людзей электрычным токам, неабходна памятаць, што лоўля рыбы ў ахоўных зонах ліній электраперадач небяспечная для жыцця.

Пры лоўлі рыбы з берага тэлескапічнымі вудамі, даўжыня якіх дасягае шасці метраў і больш, іх вудзільнам або лескай можна дакрануцца да правадоў паветранай лініі ці наблізіць іх да правадоў на недапушчальную адлегласць. У такім выпадку пад дзеянне электрычнага току трапляе не толькі чалавек, які трымае вудачку, але і людзі, што знаходзяцца побач (з-за крокавага напружання). Расследаванне абставінаў такіх няшчасных выпадкаў паказвае, што іх прычынай з’явілася грубае парушэнне пацярпелымі правілаў аховы электрычных сетак, асабістая неасцярожнасць, невыкананне правілаў электрабяспекі або іх няведанне.

Так, жыхар горада Клімавічы Магілёўскай вобласці пры лоўлі рыбы на рацэ Лабжанка паблізу паветранай лініі электраперадачы 35 кВ наблізіў вудачку на недапушчальную адлеглаць да правадоў паветранай лініі і быў смяротна траўмаваны электрычным токам.

Няшчасны выпадак адбыўся ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Пераплываючы рэчку ў ахоўнай зоне ПЛ-10кВ, мужчына наблізіўся на недапушчальную адлеглаць да правадоў паветранай лініі і быў смяротна траўмаваны электрычным токам.

Правіламі аховы электрычных сетак напружаннем звыш 1000 вольт уздоўж паветраных ліній электраперадачы ўстаноўлены ахоўныя зоны ў выглядзе зямельнага ўчастка і паветранай прасторы, абмежаваных вертыкальнымі плоскасцямі.

У ахоўных зонах гэтых ліній, якія праходзяць па воднай паверхні рэк і вадаёмаў або па іх берагах, забараняецца ажыццяўляць лоўлю рыбы з прымяненнем вудачак. Як правіла, такія месцы абсталяваны плакатамі, якія папярэджваюць аб небяспецы вядзення тут рыбнай лоўлі.

Паважаныя аматары рыбнай лоўлі. Каб ваша рыбалка была бяспечнай, перад яе пачаткам упэўніцеся, што паблізу няма паветраных ліній электраперадачы.

В. КЕЦЬ,
начальнік Дзятлаўскай энергаінспекцыі

0 0 263 22 Май, 2017 Сацыяльная сфера Май 22, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *