Зразумець. Навучыць. Перамагчы

Падзеі

Настаўніца біялогіі Наваельнянскай сярэдняй школы Алена Вільгельмаўна Баковіч у 2012 годзе за прафесійныя дасягненні была адзначана Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, у 2013-ым — Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, у 2015-ым стала ўладальніцай чарговай Ганаровай граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Гэта далёка не ўсе ўзнагароды, якімі адзначана настаўніца.

26 студзеня 2017 года вучань Алены Вільгельмаўны, дзевяцікласнік Ягор Сокал, прыняў удзел у XI адкрытай міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў «Адукацыя. Навука. Прафесія» (Самара). Ён стаў пераможцам у намінацыі «За даследаванні з эканамічнай перспектывай» і быў адзначаны дыпломам першай ступені за праект «Біялагічныя асаблівасці вырошчвання сажалкавых рыб». Паколькі навуковым кіраўніком Ягора Сокала з’яўляецца Алена Вільгельмаўна Баковіч, яна была адзначана граматай «за падрыхтоўку пераможцы міжнароднай канферэнцыі «Адукацыя. Навука. Прафесія».

Не прайшоў і месяц, як 22 лютага 2017 года Ягор Сокал атрымаў за свой праект чарговы дыплом, цяпер ужо другой ступені, на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу работ вучняў эколага-біялагічнага накірунку ў Мінску.

Варта зазначыць, што і ў 2016 годзе творчы тандэм Алены Вільгельмаўны Баковіч і Ягора Сокала быў не менш паспяховы. За навуковы праект «Штучнае развядзенне карася серабрыстага» вучань атрымаў шэсць дыпломаў на розных этапах навукова-даследчых канферэнцый, у тым ліку быў узнагароджаны дыпломам другой ступені на Х адкрытай міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў «Адукацыя. Навука. Прафесія» ў Самары.

Вядома, усім значным дасягненням папярэднічае карпатлівая праца, творчы пошук, назіранні, аналіз, рахункаванне вынікаў, заключэнні, высновы. Але Алена Вільгельмаўна Баковіч не баіцца разумовай работы, яна любіць сваю прафесію і пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Чарговае пацвярджэнне гэтаму — дыплом за другое месца ў абласным конкурсе па энергазберажэнні 2017 года. Алена Вільгельмаўна прадстаўляла там свой праект «Шанс-энерга».

Дзіцячыя і юнацкія гады будучай настаўніцы прайшлі ў Наваельні. Нарадзілася яна ў сям’і, дзе да выхавання дзяцей заўсёды ставіліся сур’ёзна. Калі Алена паведаміла бацькам, што збіраецца стаць настаўніцай, яны падтрымалі яе выбар. Думкі аб настаўніцтве ў дзяўчыны з’явіліся яшчэ за школьнай партай. Таму пасля выпускнога не вагалася і, выдатна здаўшы экзамены, паступіла на біялагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Напрыканцы вучобы для маладой настаўніцы біялогіі і хіміі было шмат прапановаў, але Алена Вільгельмаўна папрасілася ў свой родны раён. Ёй хацелася быць бліжэй да бацькоў. Спачатку працавала ў Лапушанскай базавай школе, затым — у Таркачоўскай сярэдняй школе, а з 2010 года працуе ў Наваельнянскай сярэдняй школе.

Алена Вільгельмаўна Баковіч — чалавек актыўны, пазітыўны, жыццярадасны. Яна мае не толькі глыбокія веды, але і ўмее перадаць іх дзецям. Выхоўвае сваіх вучняў сумленнымі, працавітымі, добрымі людзьмі. Творчае крэда настаўніцы: «Зразумець, навучыць, перамагчы разам». А таму значнае месца ў педагагічнай дзейнасці Алены Вільгельмаўны займае работа з адоранымі дзецьмі. Выяўляючы такіх навучэнцаў, настаўніца імкнецца развіць іх таленты праз факультатывы, індывідуальныя заняткі, парады па самаадукацыі. Карпатлівая праца дае адпаведныя вынікі. За апошнія пяць гадоў Алена Вільгельмаўна падрыхтавала 19 пераможцаў на розных этапах алімпіяды па біялогіі. Праяўляюць сябе яе навучэнцы і на рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару.

Алена Вільгельмаўна лічыць, што аснова будучых поспехаў — гэта знайсці зацікаўленых у прадмеце вучняў. Аднак важна не проста зацікавіць, а пастаянна падтрымліваць і развіваць гэту цікавасць.

Дапамагаючы навучэнцам раскрываць здольнасці і таленты, настаўніца таксама рэалізоўваецца прафесіянальна. Яе плённая праца адзначана шэрагам дыпломаў і грамат. Варта спадзявацца, што Алену Вільгельмаўну Баковіч і яе вучняў чакаюць новыя цікавыя праекты і новыя перамогі.

В. ВАЛОЖЫНА,
удзельніца аб’яднання «Юны журналіст» Наваельнянскай СШ

Фота прадастаўлена школай



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *