Сябры з Галандыі наведалі Дзятлаўшчыну

Падзеі

Напярэдадні чарговай гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі Дзятлаўскі раён наведалі прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі “Дзеці Чарнобыля”. У Беларусь яны прыязджаюць двойчы на год, гэта іх 39-ты візіт.

Муж і жонка Дан і Ханні Пландсоен, а таксама іх сябар Пім прыехалі з галандскага горада Капэла, каб аказаць дапамогу людзям, якія жывуць на тэрыторыі, забруджанай у выніку аварыі на ЧАЭС. У нашым раёне яны падтрымліваюць стасункі з Дварэцкім і Мяляхавіцкім сельсаветамі. Па традыцыі госці з Еўропы прыязджаюць на Дзятлаўшчыну з фінансавымі сродкамі, каб тут набыць мясцовыя харчовыя тавары і сфарміраваць пасылкі для адраснай дапамогі. Сёлета толькі на тэрыторыі згаданых сельскіх саветаў іх перадалі 120.

Акрамя таго, сёлета яны аказалі фінансавую дапамогу Дварэцкаму дзіцячаму саду і Дварэцкай амбулаторыі, дзе дапамаглі набыць новыя вокны для замены ў медыцынскай установе. Дзятлаўскай райбальніцы імі было выдзелена 800 рублёў на набыццё падгузнікаў для дарослых, прызначаных для пацыентаў ложкаў сястрынскага догляду.

Другі год сябры з Галандыі аказваюць дабрачынную дапамогу ў межах супрацоўніцтва з Дзятлаўскай арганізацыяй Таварыства Чырвонага Крыжа. Разам са старшынёй раённай арганізацыі Галінай Касцюк і яе ўдзельнікам Валерыем Макарчыкам мецэнаты ўручылі 10 аналагічных харчовых набораў шматдзетным сем’ям, адзінокім грамадзянам і інвалідам 1-ай групы, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны. Тры харчовыя наборы атрымаюць сёлетнія прызёры конкурсу шматдзетных сем’яў.

— У межах візіту госці з Галандыі завіталі ў наш Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе пацікавіліся велікоднай выставай, экспанаты якой створаны рукамі дзятлаўчан, – распавяла Галіна Эдвардаўна Касцюк. – Спадзяёмся на працяг плённага дабрачыннага супрацоўніцтва.

Н. АВЯРЧУК

Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *