Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыняцця ў навуковай сферы важных рашэнняў

Улада

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыняцця ў навуковай сферы важных рашэнняў, каб навука рухалася наперад і развівалася. На гэтым кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу, выступаючы ў Нацыянальнай акадэміі навук на нарадзе аб праблемах і перспектывах развіцця беларускай навукі.

У самым пачатку мерапрыемства Прэзідэнт падкрэсліў, што нарада павінна быць рэзультатыўнай. «Хацеў бы, каб мы не ўхаластую спрацавалі, а быў рэзультат. Мы не так часта з вамі сустракаемся, можа, у гэтым і вялікі мінус. Напэўна, з вучонымі трэба сустракацца часцей, у тым ліку ў такім фармаце, не асноўваючыся толькі на нарадах з кіраўніцтвам. Хачу, каб мы, чарговы раз сустрэўшыся сёння, прынялі ўсе рашэнні, якія патрэбныя і важныя, каб навука рухалася наперад і развівалася», — сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што перад нарадай грунтоўна азнаёміўся з прадстаўленай у НАН выстаўкай навуковых і навукова-тэхнічных дасягненняў, на якой паказаны найноўшыя распрацоўкі розных міністэрстваў, ведамстваў і айчынных прадпрыемстваў. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, важна, каб гэтыя добрыя, нават сусветнага ўзроўню дасягненні не засланілі тыя праблемы, якія існуюць сёння ў навуцы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб у час нарады адбылася адкрытая і канкрэтная размова, дзе выказваліся б розныя пункты гледжання аб перспектывах далейшага развіцця навукі, у тым ліку і аб існуючых недахопах. Напярэдадні нарады былі дасканала вывучаны многія праблемы, якія ёсць у навуковай сферы, і гучала шмат крытыкі па пытаннях функцыянавання навукі. Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў, каб праблемы не замоўчваліся, не рэтушаваліся, а выкладаўся рэальны стан спраў. «Нам не трэба фармальна падыходзіць да абмеркавання пытанняў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы павінны выкрышталізаваць тыя праблемы, на якія трэба звярнуць увагу для прыняцця далейшых важных рашэнняў на перспектыву».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час, яшчэ ў пачатку яго прэзідэнцтва, было шмат прапаноў адносна далейшага існавання Нацыянальнай акадэміі навук, у тым ліку гучалі прапановы закрыць установу. Тады Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне не разбураць акадэмію навук, а далей яе развіваць. Як паказала жыццё, гэта рашэнне было правільным. Прэзідэнт заклікаў удзельнікаў нарады па-дзелавому, дакладна абмеркаваць, наколькі адпавядае сучасным рэаліям існуючая сістэма кіравання і функцыянавання навукі.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *