Пасхальнае пасланне Мiтрапалiта Мiнскага i Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi, архiпастырам, пастырам, дыяканам, манахам i ўсiм верным сынам i дочкам Беларускай Праваслаўнай Царквы

Падзеі

Пасхальнае пасланне Мiтрапалiта Мiнскага i Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi, архiпастырам, пастырам, дыяканам, манахам i ўсiм верным сынам i дочкам Беларускай Праваслаўнай Царквы

 

      Уваскрасення дзень!

     Прасвятлiмся, людзi!
     Пасха! Гасподняя Пасха!
     Бо ад смерцi да жыцця
     i ад зямлi да Неба
     Хрыстос Бог перавёў нас,
     якiя песню перамогi спяваюць.
           Песня 1-я Пасхальнага канона

 

Узлюбленыя ў Хрысце Уваскрэслым Праасвяшчэнныя архiпастыры, богалюбiвыя прасвiтары i дыяканы, шаноўныя iнакi i iнакiнi, богалюбiвая паства Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Сардэчна вiтаю вас у гэты вялiкi i спасiцельны дзень светлай радасцi аб Уваскрэслым Госпадзе нашым Iiсусе Хрысце словамi Пасхальнага вiтання:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

На працягу многiх стагоддзяў у святланосныя пасхальныя днi людзi, вiтаючы адзiн аднаго гэтым спасiцельным дабравесцем, сведчаць пра iсцiннасць падзеi планетарнага значэння, якая адбылася каля дзвюх тысяч гадоў таму.

Хрыстос уваскрэс — Божая сiла Спасiцеля свету перамагла смерць. Гэтым дзеяннем Гасподзь даў кожнаму, хто паверыць у Яго i ўвойдзе ў Царкву Хрыстову, сапраўдную свабоду, магчымасць адраджэння i ўваскрасення для жыцця вечнага: «Я — уваскрасенне i жыццё; хто веруе ў Мяне, калi i памрэ, будзе жыць» (Iн. 11, 25). I апостал Павел запэўнiвае: «Бог <…> уваскрасiць i нас сiлаю Сваёю» (1 Кар. 6, 14).

Спасiцель i Гасподзь наш «грахi нашы Сам узняў Целам Сваiм на дрэва, каб мы, пазбавiўшыся ад грахоў, пачалi жыць праведна» (1 Пят. 2, 24). Подзвiгазаснавальнiк Хрыстос, вызвалiўшы нас ад смерцi i разарваўшы путы граху, якi аддзяляў чалавека ад Бога, адкрыў чалавецтву шлях — праз пакаянне i духоўнае праабражэнне — да жыцця вечнага ў Яго Нябесным Царстве, напаўняючы ўжо тут, на зямлi, жыццё сапраўднага хрысцiянiна пасхальнай радасцю, iсцiнным сэнсам i надзеяй.

Пасля Уваскрасення Свайго Iiсус Хрыстос сеў праваруч Бога Айца, i туды, у Царства Нябеснае, Ён заклiкае нас звярнуць свае позiркi для таго, каб зразумець, навошта мы прыходзiм у гэты свет, да чаго мы заклiканы i куды павiнны iмкнуцца ва ўсе днi нашага жыцця на зямлi. Дзеля нас i дзеля нашага спасення прыйшоў у свет Сын Божы. Дзеля кожнага з нас Ён сышоў на зямлю, прыняўшы чалавечую прыроду, пакутаваў на Крыжы, быў пакладзены ў Гроб, сышоў у пекла i ўваскрэс з мёртвых. Сын Божы стаў сынам чалавечым, каб мы, тыя, што ўверавалi ў Яго i пайшлi ўслед за Iм, сталi сынамi Божымi. Стаць сынамi Божымi — гэта наша прызванне, гэта мэта нашага жыцця на зямлi i гэта наша надзея.

Уваскрасеннем Хрыстовым зло i грэх пераможаны, а чалавек, атрымаўшы «апраўданне дарам, па благадацi Яго, адкупленнем у Хрысце Iiсусе» (Рым. 3, 24), цяпер мае магчымасць змянiць сваё жыццё i стаць «удзельнiкам Божай прыроды» (2 Пят. 1, 4). У святле Уваскрасення Хрыстовага мы спазнаём любоў i мiласць Усяшчодрага Госпада. Уваскрасеннем Хрыстовым дадзена чалавецтву невычэрпная Божая благадаць, здольная перамянiць i ацалiць прыроду кожнага чалавека i свет, у якiм мы жывём.

Мы заклiканы пранесцi радасную вестку пра Хрыста Уваскрэслага праз усё наша жыццё, захоўваючы ў сэрцы запаведзь Спасiцеля нашага i Госпада: «Так няхай свецiць святло ваша перад людзьмi, каб яны бачылi вашы добрыя ўчынкi i ўслаўлялi Айца вашага, Якi на нябёсах» (Мф. 5, 16). Мы заклiканы памнажаць у душах нашых водблiскi ззяння славы Божай. Жыццё Хрыста Спасiцеля i Яго слаўнае Уваскрасенне адкрываюць нам гэты шлях праз здзяйсненне спраў дабра, любовi i мiласэрнасцi. Праз выкананне запаведзяў Гасподнiх мы можам напоўнiць святлом Хрыстовым жыццё наша i людзей вакол нас. Царква Хрыстова заклiкае нас дапамагаць у цяжкай жыццёвай сiтуацыi абяздоленым, словам змякчаць злыя сэрцы, малiтвай ратаваць ад разбуральных заган. Справамi дабра, любовi i мiласэрнасцi мы зможам выканаць свой хрысцiянскi абавязак служэння Богу праз служэнне блiжнiм.

Дарагiя браты i сёстры, слаўнае свята Уваскрасення Хрыстовага заклiкае нас скiроўваць свае сiлы i працаваць дзеля славы Божай, дзеля славы Царквы Хрыстовай, дзеля дабра i згоды ў грамадстве. Дасягнуць гэта можна толькi на аснове высокiх духоўна–маральных каштоўнасцей. Дзякуючы намаганням кожнага з нас свет стане духоўна больш здаровым i чалавек зможа вызвалiцца ад граху i нявер’я. Уваскрэслы Хрыстос Спасiцель, бачачы наша iмкненне iсцi за Iм, дасць нам Сваю благадаць i сiлу пераадольваць любыя выпрабаваннi, якiя сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху, таму што сэрца кожнага з нас будзе перапоўнена любоўю да блiжнiх.

Праасвяшчэнныя архiпастыры, узлюбленыя айцы, браты i сёстры, вiншуючы ўсiх вас са святам светлага Хрыстовага Уваскрасення, малiтоўна жадаю, каб пасхальнае лiкаванне пастаянна было ў душы кожнага з нас, умацоўвала веру, усяляла радасць i надзею на Уваскрэслага Спасiцеля i Госпада Iiсуса Хрыста. Няхай гэтай бясконцай радасцю напоўнiцца ўсё наша жыццё. А мы будзем сёння i надалей дарыць гэтую радасць усiм: i тым, хто сёння радуецца i лiкуе, i тым, хто хварэе цi пакутуе, адчувае нястачы цi мае патрэбу ў спагадзе, — будзем несцi ўсiм людзям благадатную вестку пра Хрыста Уваскрэслага i пра радасць яднання з Iм.

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

САПРАЎДЫ УВАСКРЭС ХРЫСТОС!
+ ПАВЕЛ,
Мiтрапалiт Мiнскi i Заслаўскi,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.
Пасха Хрыстова 2017 года,
горад Мiнск.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *