Парадак выплаты пенсіі працуючым пенсіянерам застаецца ранейшым

Падзеі

У Беларусі цяпер не плануецца змяненне парадку выплаты пенсіі працуючым пенсіянерам. Аб гэтым заявіла начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Мурашкевіч на анлайн-канферэнцыі на тэму «Пенсійнае забеспячэнне: сёння і заўтра», што прайшла на сайтах БЕЛТА і міністэрства.

«Пытанне аб змяненні парадку выплаты пенсіі працуючым пенсіянерам цяпер міністэрствам не разглядаецца», — адзначыла Наталля Мурашкевіч. Як паведамлялася БЕЛТА раней, у Беларусі на 1 студзеня бягучага года 25,4 працэнта атрымальнікаў пенсій прадаўжалі працаваць — 665,8 тыс. чалавек (год таму было 651,2 тыс., або 25,1 працэнта). Прадстаўніц прыгожага полу сярод працуючых пенсіянераў удвая больш, чым прадстаўнікоў моцнай палавіны (451,5 тыс. жанчын і 214,2 тыс. мужчын).

Нацыянальным заканадаўствам устаноўлена абмежаванне ў выплаце пенсій толькі для тых, хто меў высокую заработную плату ў мінулым і чый індывідуальны каэфіцыент заработку перавышае 1,3. Рэальна пенсійныя выплаты абмяжоўваюцца нязначна: большасць працуючых пенсіянераў атрымліваюць пенсіі без вылікаў.

Адно з пытанняў, што паступілі на анлайн-канферэнцыі, датычылася магчымасці стварэння асобнага інфармацыйнага рэсурсу для працаўладкавання пенсіянераў, якія жадаюць падзарабіць. «Незалежна ад спосабу атрымання саіскальнікам інфармацыі аб вакансіі права канчатковага выбару работніка застаецца за работадаўцам», — адказала начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння міністэрства Ларыса Яшкова.

Намеснік міністра Валерый Кавалькоў дадаў: «У апошнія гады ў Беларусі павялічвалася колькасць пенсіянераў. З улікам гэтага было прынята рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту — у мэтах утрымання суадносін колькасці грамадзян працаздольнага ўзросту і старэйшых за працаздольны ўзрост».

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *