Наваельня пасля 1795 года

Падзеі

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Наваельня ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1842 годзе ўзгадвалася як мястэчка Наваельня Навагрудскага павета Мінскай губерні.

Ад Шэметаў фальварак перайшоў у спадчыну да Шукевічаў. У Гродзенскім гістарычным архіве ёсць інвентар 1843 года фальварка Наваельня, дзе пералічаны назвы вёсак. Згодна з інвентаром 1845 года, панскі двор Наваельня ўжо адносіўся да Слонімскага павета Гродзенскай губерні.

Захаваліся звесткі, што ў канцы красавіка — пачатку мая 1863 года ў Слонімскім павеце пачаў дзейнічаць атрад Ф. Юндзілы, які налічваў каля 300 чалавек. У Мілавідскіх лясах канцэнтраваліся буйныя сілы сялян-паўстанцаў. Пад Мілавіды прыехаў К. Каліноўскі. Дзятлаўскі прыстаў даносіў, што з лясоў, якія прылягаюць да Навагрудка, выйшлі інсургенты і праз Наваельню, вёску Белагурна накіраваліся да Мілавідаў. Некалькі разоў царскія войскі спрабавалі разбіць паўстанцаў, аднак ім гэта не ўдалося. У Слонімскім павеце прадаўжалі дзейнічаць атрады інсургентаў. Не аднойчы яны наведваліся ў Наваельню і Дзятлава.

Пасля паўстання адным з накірункаў палітыкі Расійскай імперыі быў падзел беларускіх зямель, якія атрымлівалі рускія дваране. Так, у гэты час у наваколлях Наваельні з’явіліся буйныя землеўладальнікі — рускія афіцэры Цырынскі, Навіцкі, Амбразанцаў.

Адстаўны генерал-маёр Аляксандр Сяргеевіч Амбразанцаў атрымаў тут вялікі надзел. Яму належалі землі Варакомшчыны, Сілівонак, Наваельні. Свой маёнтак ён пабудуваў на ўзвышшы па дарозе ў Цяцейкі насупраць вёскі Талкуны. Там знаходзіліся гаспадарка, канюшні, казармы. Свае землі А. Амбразанцаў здаваў унаём жыхарам Наваельні: Трубко, Нагорнаму, Лабару, Мурзічу, іншым, хто прымаў удзел у пабудове царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў 1876-1878 гадах. На ўласныя сродкі ў 1899 годзе рускі афіцэр пабудаваў мураваную агароджу вакол царквы. Згодна з выданнем «Ведомости» за 1902 год А. Амбразанцаў быў абраны старастам храма. Свае абавязкі выконваў старанна. У 1914 годзе памерла яго жонка. Яна пахавана ў склепе пад царквой. Пасля смерці жонкі А. Амбразанцаў выехаў у Францыю, жыў у Парыжы. Яго гаспадарчыя справы вёў адвакат. У 1937 годзе з Італіі ў Наваельню прыязджаў сын гаспадара, які наведаў магілу маці, апячатаў склеп, сустрэўся з мясцовымі жыхарамі, затым зноў вярнуўся за мяжу.

Першымі пасяленцамі Старой Ельні, па ўспамінах старажылаў пасёлка, з’яўляліся карэнныя беларусы — Дайліда, Лабар, Мароз, Нагорны, Трубко, Кардаш, Клімец. Услед за імі пасяліліся сем’і Апалоніка, Аблажэя, Барысевіча, Калановіча, Мазуры, Налівайкі, Прыгодскага. Так пачалі асвойвацца землі вакол царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

29 мая 1882 года і 14 лютага 1883 года былі прыняты рашэнні аб пабудове Палескай чыгункі. Ужо 30 снежня 1884 года лінія Вільня — Ліда — Наваельня — Баранавічы — Лунінец — Пінск была здадзена ў эксплуатацыю. У лістападзе 1886 года заснавалася сетка палескіх дарог.

У 1899 годзе на Палескія чыгункі пачалі паступаць хуткаходныя паравозы. У якасці паліва выкарыстоўвалі дровы, а з 1905 года на ўчастках Баранавічы — Ліда, Баранавічы — Лунінец, Баранавічы — Ваўкавыск пачаў выкарыстоўвацца вугаль.

Жыхары мясцовых вёсак сталі перасяляцца бліжэй да працоўнага месца — чыгункі (вялося яе будаўніцтва). З увядзеннем чыгункі ў эксплуатацыю павялічылася колькасць працоўных месцаў, таму расла і колькасць жыхароў пасёлка. З адкрыццём чыгуначнай лініі развіваецца прывакзальнае мястэчка. Тут быў пабудаваны таварна-пагрузачны пункт, вялася апрацоўка драўніны, сельскагаспадарчай прадукцыі, скураў. У прывакзальным мястэчку будаваліся магазіны, пякарні, смалакурні, карчмы.

Па звестках Ленінградскага архіва, у Наваельні ў 1914 годзе працавала двухкласная школа, дзе навучаліся 108 дзяцей (68 хлопчыкаў і 40 дзяўчынак). А ў 1915 годзе школу наведвалі ўжо 123 вучні (69 мужчынскага і 54 жаночага полу).

Н. ХАРОШКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *