Шосты школьны дзень павінен быць пабудаваны на інтарэсах дзіцяці

Падзеі

Шосты школьны дзень павінен быць пабудаваны на інтарэсах дзіцяці, заявіла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка на канферэнцыі «Актуальныя пытанні прафілактыкі правапарушэнняў» у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. «Ва ўстановах адукацыі вядзецца пастаянная работа па ўдасканаленні шостага школьнага дня, праводзіцца конкурс на лепшую яго арганізацыю. Акцэнт, на якім мы настойваем, — гэта тое, што шосты школьны дзень павінен быць пабудаваны на інтарэсах дзіцяці, бацькоў, на індывідуальным падыходзе да кожнага вучня», — сказала Раіса Сідарэнка. Карысным у сувязі з гэтым будзе ўзаемадзеянне школы і ўстаноў прафесійнай, вышэйшай адукацыі. Размова ідзе аб запрашэнні школьнікаў у плане прафарыентацыі ў тую сферу, якая іх можа зацікавіць. «Сёння нашы шостыя школьныя дні будуць арыентаваны менавіта на тое, каб дзіця ў шосты школьны дзень атрымала канкрэтнае ўяўленне аб той прафесіі, якую яно можа атрымаць, а можа быць, і атрымала свае першасныя прафесійныя навыкі», — адзначыла намеснік міністра. На яе думку, дзіця не павінна заставацца адно. Трэба ствараць сітуацыю, калі школьнік будзе заняты цікавай яму справай. Важным напрамкам у гэтым плане з’яўляецца ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі са спартыўнымі грамадскімі аб’яднаннямі ў плане арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Не менш цікавы вопыт развіцця прадпрымальніцтва ў маладзёжным асяроддзі. Цяпер невялікія вучэбныя бізнес-кампаніі з’явіліся ва ўсіх рэгіёнах краіны. Цудоўны вопыт — у Мінску і Мінскай вобласці. Такая практыка будзе пашырацца. Што датычыцца прафілактыкі правапарушэнняў, то гэта датычыцца ўсіх работнікаў у сістэме адукацыі. Але асноўная задача на плячах сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў установы адукацыі, і гэту работу трэба ўдасканальваць. Важна працаваць інакш — не па факце здарэння, а на папярэджанне. У міністэрстве гэта разумеюць і будуць перабудоўваць работу ў гэтым напрамку. Для ўдасканалення прафілактычнай работы па папярэджанні антыграмадскіх паводзін непаўналетніх у Міністэрстве адукацыі лічаць неабходным выключыць выпадкі іх адлічэння з устаноў адукацыі без згоды камісіі па справах непаўналетніх. Ужо ўносяцца адпаведныя змяненні ў Кодэкс аб адукацыі.

БелТА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *