Палегчыць умовы для бізнэсу

Падзеі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе перагледзець падыходы дзяржаўных органаў да выканання кантралюючых функцый і выключыць залішнія патрабаванні да бізнэсу і суб’ектаў гаспадарання.

Перагледзець падыходы да назначэння праверак

«Працуе прадпрыемства, плаціць падаткі, няма скаргаў — не трэба чапаць людзей, дайце ім магчымасць займацца справай», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Правільная арганізацыя сістэмы кантролю з’яўляецца важнейшым фактарам прыцягнення інвестараў, і сёння само жыццё патрабуе аптымізацыі колькасці правяраючых і перагляду прынцыпаў іх работы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што план правядзення праверак фарміруецца Камітэтам дзяржкантролю на кожны каляндарны год, аднак толькі ў 2016 годзе доля праведзеных па-за планам мерапрыемстваў склала амаль 80 працэнтаў ад агульнай колькасці па краіне. Ён запатрабаваў, каб усе пазапланавыя праверкі перасталі быць «пралазам» для кантралюючых структур, здольных паралізаваць фактычна любую арганізацыю. Для гэтага трэба павысіць адказнасць кантралёраў. Што датычыцца планавых праверак, то яны таксама падлягаюць скарачэнню.

Рэарганізаваць ведамасны кантроль

У істотнай рэарганізацыі, упэўнены кіраўнік дзяржавы, мае патрэбу ведамасны кантроль, які ў асноўным займаецца праверкамі па даручэннях праваахоўных органаў.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што кантрольныя функцыі не павінны ажыццяўляцца камерцыйнымі арганізацыямі. «Гэта прэрагатыва дзяржавы. Але, відаць, не ўсе гэта разумеюць. Сёння тое ж Міністэрства аховы здароўя пры праверках вытворчасці лякарстваў прыцягвае РУП «Белфармацыя». Але ж гэта не проста камерцыйная арганізацыя. Размова ідзе аб канкурыруючым прадпрыемстве. Як такое разумець?!» — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цэнтральным звяном ва ўсёй сістэме кантрольна-наглядных органаў з’яўляецца КДК. «Яму трэба раз і назаўсёды навесці парадак у гэтай сферы. Пракуратура павінна яму дапамагчы. Але ключавая роля павінна быць за камітэтам. Менавіта на яго абавязаны раўняцца ўсе кантралюючыя органы», — заявіў Прэзідэнт.

Спрасціць патрабаванні да вядзення бізнэсу

«Яшчэ адна вялікая і хвалюючая нас тэма — спрашчэнне патрабанняў да вядзення бізнэсу. Размова ідзе аб ліцэнзаванні, але ў першую чаргу аб адміністрацыйных працэдурах, якіх у нас сёння занадта шмат — больш за дзевяцьсот», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён канстатаваў, што для адкрыцця нават невялікага кафэ іх патрабуецца каля дванаццаці. На гэта, па самых сціплых падліках, ідзе паўгода. «Неабходна перагледзець увесь гэты масіў патрабаванняў да суб’ектаў гаспадарання, якія часам наогул нерэальна выканаць», — даручыў Аляксандр Лукашэнка. Агульная колькасць прынятых у краіне тэхнічных актаў — звыш 6,5 тыс. З іх больш як 500 з’яўляюцца абавязковымі. «Некаторыя патрабаванні даходзяць да абсурду, калі затраты на іх выкананне перавышаюць даходы ад самой дзейнасці», — заявіў беларускі лідар.

Не абцяжарваць умоўнасцямі малы бізнэс

«Давайце будзем не перашкаджаць, а дапамагаць развівацца малому бізнэсу. Нельга абцяжарваць яго кучай умоўных, непатрэбных патрабаванняў, кожнае з якіх — гэта зачэпка для кантралёра і падстава пакараць прадпрыемства», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго словаў, не заўсёды абгрунтаваныя прэтэнзіі да аграсядзіб. «Навошта перакрываць ім кісларод? Добраўпарадкавалі людзі дамы ў нацыянальным стылі, працуюць, кормяць турыстаў экалагічнымі, натуральнымі прадуктамі — добра. Не трэба нічога тут выдумляць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што частка ўстаноўленых патрабаванняў павінна быць максімальна спрошчана або адменена.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *