Па карысную інфармацыю — у «Пазнанне»

Падзеі

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей працуе клуб «Пазнанне».

Пенсіянеры часта адчуваюць недахоп інфармацыі, якая звязвае іх з грамадствам. Кампенсаваць гэта і даведацца шмат карыснага можна менавіта на пасяджэннях клуба. Сюды запрашаюць прадстаўнікоў розных раённых службаў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў — цэнтральнай раённай бальніцы, райЦГЭ, аддзела па надзвычайных сітуацыях, Чырвонага Крыжа, Беларускага саюза жанчын.

На нядаўняй сустрэчы інспектар РАНС А. Беленка расказаў пенсіянерам пра пажарную абстаноўку ў раёне, правілы бяспечнага карыстання электрычнымі прыборамі. Тэма выклікала інтарэс. Наведвальнікі клуба задалі інспектару шмат пытанняў, атрымалі адказы, памяткі з неабходнай інфармацыяй.

Частыя наведвальнікі клуба «Пазнанне» — работнікі цэнтральнай бібліятэкі і валанцёры Чырвонага Крыжа. Яны ўжо паспелі правесці размовы на тэму прафілактыкі наркаманіі, бяспечных паводзінаў на дарозе. Цікавым было мерапрыемства «Вясновы марафон» з забаўляльнымі конкурсамі і жыццёвымі парадамі.

Таксама ўдзельнікі клуба «Пазнанне» пабылі на мерапрыемстве, прысвечаным праваслаўнай кнізе, якое праходзіла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, наведалі Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей і пазнаёміліся з выставай работ С. Станюты, вырабамі з лёну.

Г. КАСЦЮК,
загадчыца аддзялення ЦСАН Дзятлаўскага раёна

Т. ЗІНКЕВІЧ,
спецыяліст ЦСАН Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *