Хуліганства. Дробнае ці не?

Здарэнні і бяспека

Заканадаўца вызначае дробнае хуліганства, як нецэнзурную лаянку, але менавіта ў грамадскіх месцах, абразлівыя прыставанні да грамадзян, іншыя падобныя дзеянні, якія парушаюць парадак і спакой людзей. Пад абразлівымі прыставаннямі маюцца на ўвазе: навязванне публічнай размовы, якая прыніжае чалавечую годнасць; заўвагі і выказванні непрыстойнага зместу; надакучлівае торганне ці трыманне за вопратку, руку; спроба абняць, пацалаваць незнаёмку; наўмыснае загароджванне праходу; гвалтоўны ўваход у грамадскія месцы насуперак забароны асобаў, якія сочаць за парадкам; грубае парушэнне чаргі з выказваннем абразаў; напісанне нецэнзурных словаў на сценах і агароджах, у іншых месцах грамадскага карыстання; беспадстаўнае падняцце панікі ў грамадскім месцы; кіданне прадметаў у прахожых з вокнаў і балконаў (калі гэта не выклікала цялесных пашкоджанняў); падпальванне карэспандэнцыі ў паштовых скрынках; зрыванне плакатаў і афішаў; непрыстойныя песні. За падобныя паводзіны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 2 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт.

А вось артыкул 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае больш сур’ёзнае пакаранне за хуліганскія дзеянні.

Згодна з часткай 1 (хуліганства), наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выящляюць яўную непавагу да грамадства, суправаджаюцца гвалтам або пагрозай яго выкарыстання, або знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці, або тыя, якія адрозніваюцца выключным цынізмам, — караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або папараўчымі работамі да 2 гадоў, або пазбаўленнем волі да 3 гадоў.

У частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае хуліганства) гаворка ідзе аб хуліганстве, учыненым паўторна, або групай асобаў, або звязаным з супраціўленнем асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, або звязаным з нанясеннем менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Такія дзеянні караюцца арыштам, або абмежаваннем волі да 3 гадоў, або пазбаўленнем волі ад 1 да 6 гадоў.

Частка 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (асабліва злоснае хуліганства) пералічвае дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з выкарыстаннем зброі, іншых прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі для нанясення цялесных пашкоджанняў, з выкарыстаннем выбуховых рэчываў або прыстасаванняў, або з пагрозай іх выкарыстання, пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства. Вінаваты прыгаворваецца да абмежавання волі ад 3 да 5 гадоў або пазбаўлення волі ад 3 да 10 гадоў.

І. ХІТРО,
намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *