Юныя грамадзяне

Раённыя падзеі

У час рэспубліканскай акцыі «Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь» у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло ўрачыстае ўручэнне пашпартоў маладым жыхарам Дзятлаўшчыны. Свой галоўны дакумент у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь атрымалі 25 хлопцаў і дзяўчат, якім споўнілася 14 гадоў.

Іх прыйшлі павіншаваць старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Калодка, старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Л. Кашко, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама А. Біль, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. Белаус, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» К. Хілімончык, вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама С. Юргель.

Прысутных павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі:

— Сёння вы атрымліваеце пашпарты, якія пацвярджаюць, што вы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Памятайце, што ўсё ваша жыццё павінна быць скіравана на тое, каб наша краіна квітнела, станавілася больш моцнай і прыгожай. Прыкладзіце намаганні, вучыцеся і працуйце на карысць Айчыны.

 

Пашпарты і падарачныя выданні «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» школьнікам уручылі А. Бараноўскі, А. Біль, К. Хілімончык. Вокладкі на першы дакумент — старшыня раённага савета ветэранаў Л. Кашко.

Кацярына Бялятка, навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы, ад імя равеснікаў падзякавала за віншаванні і падарункі, паабяцала, што моладзь сваёй вучобай, працай, творчымі справамі будзе ўмацоўваць родную краіну.

З атрыманнем галоўнага дакумента юных грамадзян Рэспублікі Беларусь павіншавала першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» К. Хілімончык.

Вядучыя свята запрасілі прысутных на экскурсію па музеі і святочны канцэрт да Дня Канстытуцыі ў Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

І. СТЫРНІК
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *