Шукалі таленты

Раённыя падзеі

3 сакавіка на сцэне актавай залы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава прайшоў конкурс «Новыя імёны Беларусі – 2017”. У ім прынялі ўдзел педагогі ўстановаў адукацыі раёна. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскага прафсаюзнага фестывалю “Працоўныя таленты – 2017”, які ладзіцца з ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Удзельнікі выступалі ў намінацыях “Вакал”, “Інструментальны жанр» і «Арыгінальны жанр”, дзе ў поўнай меры прадэманстравалі свае таленты.

Пачаўся конкурс з выступлення Анастасіі Рабцэвіч з сярэдняй школы №3. Затым спявала Людміла Вайтовіч з Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы. Пасля іх на сцэну выйшаў Руслан Ганчароў з гімназіі №1 горада Дзятлава і выканаў аўтарскую песню. Завяршыла намінацыю «Вакал» Наталля Каўцэвіч з Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Яна энергічна танчыла ў такт музыкі і заслужыла гучныя апладысменты.

У намінацыі “Інструментальны жанр” па чарзе выступілі 2 удзельнікі: Віктар Шалесны з Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы і Святлана Андруніна з гімназіі №1 горада Дзятлава. Віктар праспяваў песню пад гітару, а Святлана паказала віртуозную ігру на акардэоне.

У апошняй намінацыі «Арыгінальны жанр» выступілі тры канкурсанты. Наталля Бурдун з Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы прымусіла задумацца над прытчай пра свечкі. Святлана Андруніна і Святлана Кетка прапанавалі сцэнку “У тату-салоне”, дзе камічна абыгралі вобраз настаўніка, які трапіў у нестандартную сітуацыю.

Па рашэнні журы дыпломамі першай ступені былі ўзнагароджаны выканаўца аўтарскай песні Руслан Ганчароў, Святлана Андруніна з акардэонным нумарам і артысты арыгінальнага жанру Святлана Кетка і Святлана Андруніна. Па словах арганізатара конкурсу  –  старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслава Баляслававіча Фабішэўскага, выступленні былі ўдалыя, і ўдзельнікі маюць усе шанцы атрымаць запрашэнне на абласны конкурс.

М. САВІЦКАЯ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *