Міфы пра алкаголь

Сацыяльная сфера

Алкаголь — стымулятар апетыту

Лічыцца, што алкаголь стымулюе апетыт. Спачатку чарка гарэлкі ці іншага спіртаўтрымліваючага напою, з’яўляючыся звышмагутным раздражняльнікам для слізістай абалонкі страўніка, узмацняе апетыт. Але ўжо на пачатковым этапе парушаецца дзейнасць органаў стрававання. А з часам цяга да ежы цалкам знікае. Усім вядома, што алкаголікі п’юць, не закусваючы, і могуць не есці на працягу даволі доўгага часу.

Алкаголь — добрае снатворнае

У большасці людзей спіртаўтрымліваючыя напоі, асабліва піва, выклікаюць млявасць, апатыю і санлівасць. Але сон ад спіртнога неглыбокі і не дае поўнага адпачынку. А з цягам часу чалавеку, які звыкся засынаць у стане ап’янення, патрабуецца ўсё большая доза для дасягнення ранейшага эфекту. I ўрэшце чалавек атрымлівае залежнасць ад алкаголю.

Алкаголь сагравае ў халоднае надвор’е

Такое меркаванне шырока распаўсюджана. Аднак медыцынская практыка сведчыць пра іншае. Большасць выпадкаў абмаражэнняў і агульнага замярзання звязана з ап’яненнем. Справа ў тым, што пры прыёме спіртных напояў адчуваецца «прыліў цяпла», але гэты эфект кароткачасовы і падманны. На самой жа справе тэмпература цела паніжаецца. Спірт пашырае крывяносныя сасуды, якія ляжаць блізка ад скурных пакроваў, з-за чаго павялічваецца цеплааддача арганізма. Усё гэта часта прыводзіць да сур’ёзных пераахаладжэнняў, абмаражэнняў, а часам нават і да смерці.

Алкаголь павышае працаздольнасць

Даказана, што доза гарэлкі ў 60 грамаў змяншае мышачную сілу прыкладна на 17 %. Што да разумовых здольнасцяў, то быў праведзены эксперымент, у час якога некалькі чалавек, выпіўшы сухога віна, выконвалі лічыльныя аперацыі, машынапісную працу, завучвалі тэксты на памяць. Аказалася, што нават невялікая колькасць выпітага віна давала відавочнае запавольванне тэмпу працы, павялічылася колькасць памылак і недакладнасцяў.

К. ЯКІМЧЫК,
доктар-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ

А. ШАЙБАК,
галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *