«Мастак і горад» на плошчы Якуба Коласа

Падзеі

Праект «Мастак і горад» адкрыецца 27 красавіка на плошчы Якуба Коласа, паведамілі БЕЛТА арганізатары. Кожную вясну на працягу шасці гадоў запар выстава «Мастак і горад» адкрываецца на адной з цэнтральных плошчаў беларускай сталіцы і ўпрыгожвае яе на працягу чатырох месяцаў.

У бягучым годзе на экспазіцыі пад адкрытым небам будуць прадстаўлены работы 35 беларускіх жывапісцаў. Выстава стане адным з праектаў трыенале сучаснага мастацтва, што прэтэндуе на статус адной з важнейшых падзей беларускай мастацкай арт-сцэны і будзе прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала.

Трыенале таксама будзе ўключаць выставу сучасных беларускіх мастакоў у Палацы мастацтваў і «Шорт-ліст» намінантаў конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва». Упершыню такое мерапрыемства было праведзена ў Мінску ў 2014 годзе ў час чэмпіянату свету па хакеі.

Цяперашні праект «Мастак і горад» пройдзе пад назвай «Залатая калекцыя беларускага жывапісу». Ніколі раней на плошчы Якуба Коласа не выстаўлялася такая колькасць мастакоў. Сярод удзельнікаў шостай выставы «Мастак і горад» такія аўтары, як Леанід Хобатаў, Уладзімір Савіч, Анатоль Бараноўскі, Руслан Вашкевіч, Зоя Літвінава і многія іншыя.

Работы на выставе належаць беларускім мастакам розных пакаленняў і творчых поглядаў. Менавіта таму экспазіцыя пад адкрытым небам на гэты раз асабліва шырока прадставіць наведвальнікам свет беларускага мастацтва. «Мастак і горад» — экспазіцыя работ пад адкрытым небам, якая дае магчымасць жыхарам Мінска, гасцям горада і краіны азнаёміцца бліжэй з выдатнымі сучаснымі беларускімі мастакамі. Выставачны праект праводзіцца ў сталіцы з 2012 года.

У рамках культурнай ініцыятывы жыхары і госці Мінска ўбачылі выставы, прысвечаныя творчасці знакамітых ва ўсім свеце беларускіх мастакоў, такіх як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук і Валянцін Губараў.

Арганізатары выставы «Мастак і горад» — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Генеральным партнёрам праекта ўжо на працягу многіх гадоў выступае банк ВТБ (Беларусь).

БелТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *