Жанчыны-дарожніцы, дзякуем вам за працу!

Раённыя падзеі

Сёння ўсё часцей сустрэнеш жанчын, якія працуюць у зусім не жаночых прафесіях. І спраўляюцца на сваім участку працы не горш за калегаў-мужчын. Калектыў Дзятлаўскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №119, якое з нядаўняга часу абслугоўвае Дзятлаўскі і Слонімскі раёны, – каля двух дзясяткаў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, з якімі я вас пазнаёмлю.

Многія гады Дзятлаўскае ДРБУ-119 узначальвала жанчына – Вольга Башко. За час сваёй працы яна шмат зрабіла, была ўдастоена шэрагу ўзнагародаў, сярод якіх – званні “Ганаровы дарожнік Беларусі” і “Жанчына года”. Калектыў прадпрыемства і сёння згадвае Вольгу Мікалаеўну добрым словам, а сённяшні кіраўнік упраўлення Дзмітрый Мазоль – з пашанай і ўдзячнасцю.

Сучасныя дарожніцы – пераважна работніцы офіса, некаторыя з іх працуюць у арганізацыі адносна нядаўна, стаж іншых налічвае дзясяткі гадоў.

Выключна жаночы ўчастак працы – бухгалтэрыя. Тут працуюць тры чалавекі – галоўны бухгалтар Святлана Сарока, бухгалтары Наталля Кветка і Марыя Багдановіч. Для Святланы Уладзіміраўны ДРБУ-119 – першае працоўнае месца, яна прыйшла сюды працаваць у 1992 годзе, а праз 10 гадоў узначаліла аддзел.

У вытворча-тэхнічным аддзеле пад кіраўніцтвам Сяргея Хайко працуюць інжынер Алена Лягчыліна і інжынер па працы і заработнай плаце Тамара Рамашына. Пасля атрымання вышэйшай спецыяльнай адукацыі Тамара  Міхайлаўна працавала ў ДРБУ-119 інжынерам па ахове працы, майстрам вытворчага ўчастка, а з 1996 года – на цяперашняй пасадзе. Мае званне “Ветэран працы”.

Аналагічнага звання “Ветэран працы” за 20-гадовы стаж работы ў арганізацыі ўдастоены спецыяліст па кадрах Тамара Сівіцкая і дыспетчар Лілія Бельская, якая працавала ў арганізацыі і майстрам, і механікам, займала грамадскую пасаду старшыні прафкама. Абедзве жанчыны – вопытныя і творчыя работніцы, нераўнадушныя да дарожнай справы, актывісткі, як і ўсе жанчыны-дарожніцы, – спартсменкі, турысткі і прыхільніцы здаровага ладу жыцця.

Алена Яцэвіч сумяшчае адразу дзве пасады, сакратара і загадчыцы гаспадаркай ДРБУ-119. Яна працуе ўжо 17 гадоў, за гэты час зарэкамендавала сябе адказным і добрасумленным работнікам.

На Слонімскім участку ДРБУ-119 працуюць шэсць жанчын, тры з якіх – інжынерна-тэхнічныя работніцы.

Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як у дарожнай службе Слонімшчыны працуе Валянціна Сілакова. Яна пачынала ў арганізацыі майстрам, займала пасаду інжынера па працы і заработнай плаце, а пасля аб’яднання з Дзятлаўскім участкам з’яўляецца інжынерам. Людміла Адамчык і Вольга Чарнуха абедзве працуюць майстрамі. А гэта значыць, што ў кожнай з іх у падначаленні – мужчынскі калектыў дарожных рабочых і механізатараў. Тут без валявога характару і цвёрдасці – нікуды. Валянціна Уладзіміраўна і Людміла Мікалаеўна – ветэраны працы дарожнай галіны.

Таксама ветэранам працы ДРБУ-119 з’яўляецца прыбіральшчыца Ніна Міхайлаўна Варган. Ад яе залежаць чысціня і ўтульнасць, а значыць і добры настрой у кожным з кабінетаў адміністрацыі.
Пра месца жанчын у мужчынскім калектыве паразважалі іх калегі-мужчыны.

Сяргей Хайко, начальнік планава-тэхнічнага аддзела:

— Жанчыны майго аддзела – яго ўпрыгажэнне і гонар. Надзейныя, граматныя, вопытныя работніцы, абаяльныя жанчыны, добрыя маці і бабулі. Я жадаю ім моцнага здароўя і поспехаў ва ўсіх справах.
Аляксей Гірык, галоўны інжынер:

— Нягледзячы на тое, што пераважная большасць жаночага калектыву – работніцы яго адміністрацыі, кожная з нашых работніц зведала дарожную справу сваімі рукамі. Калі трэба выконваць тэрміновыя работы, ці то сяўба травы вясной, ці фарбаванне дарожных элементаў у час суботнікаў, жанчыны, не зважаючы на спецыфіку сваёй працы і пасаду, выконваюць работу разам з мужчынамі. Шчасця вам, нашы дарагія, мы вас цэнім і рады, што вы ёсць у ДРБУ-119.

Дзмітрый Мазоль, начальнік ДРБУ-119:

— Работа дарожніка – нялёгкая, напружаная, патрабуе маральных і фізічных намаганняў. Таму зразумела, што жанчынам часам у нас нялёгка. Са свайго боку мы, мужчыны, стараемся іх часцей радаваць. Ладзім экскурсіі, мерапрыемствы (напярэдадні Дня жанчын наведалі Слонімскі драмтэатр), стараемся і штодзень быць сапраўднымі джэнтльмэнамі. Дзякуй вам, паважаныя каляжанкі, што ўпрыгожваеце нашы працоўныя будні! Кожнай з вас жадаю добрага вясновага настрою.

Н. АВЯРЧУК

НА ФОТАЗДЫМКУ: работніцы Дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №119: верхні рад (злева направа) Л. Адамчык, Н. Кветка, А. Лягчыліна, Т. Рамашына, Л. Бельская; ніжні рад (злева направа): Т. Сівіцкая, В. Чарнуха, М. Багдановіч, С. Сарока.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *