Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб’яднанне і стабільнасць у Еўропе

Улада

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра — міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. «Ваш візіт знакавы, і ад яго вельмі шмат залежыць. Не толькі ў нашых двухбаковых адносінах, але і ў нашых адносінах з вашай імперыяй (Еўрапейскім саюзам. — Заўвага БЕЛТА). Я магу вам гарантаваць: вы заўсёды ў нашай асобе будзеце бачыць краіну, якая будзе працаваць на аб’яднанне, на стабільнасць у Еўропе. Мы і ў цяжкія часы вам праблем не стваралі, і ў будучым ніколі гэтых праблем вам ствараць не будзем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за шматполюсны свет і захаванне Еўрапейскага саюза. «Еўрасаюз — гэта магутнейшы полюс разам з Кітаем, Злучанымі Штатамі Амерыкі. Еўрапейскі саюз — гэта магутная апора для планеты, калі яна знікне — быць бядзе. Таму ўсе нашы «брэксіты» і нацыяналістычныя рухі я не ўспрымаю. Чаго б ні каштавала, Еўрапейскі саюз трэба захаваць. Гэта не мая асабістая пазіцыя (хаця і асабістая), гэта пазіцыя зыходзіць з міжнародных дзяржаўных інтарэсаў. Чым больш апор, тым устойлівей сістэма. Таму я прыхільнік Еўрапейскага саюза», — растлумачыў Прэзідэнт. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з’яўляецца праціўнікам двайных стандартаў, якія часам можна заўважыць у дзейнасці ЕС. «Таму я хацеў бы, каб Еўрапейскі саюз адпавядаў тым дэкларацыям, якія ён прапануе ўсяму свету: сумленнасць, прыстойнасць, дэмакратычнасць, — заявіў беларускі лідар. — Калі б вы ўважліва паглядзелі на Беларусь, то ўбачылі б тут і правы чалавека, і дэмакратыю, і парадак, і бяспеку для людзей. Мы таксама не без недахопаў, як і вы. Але трэба размаўляць, трэба быць бліжэй адзін да аднаго. Трэба, калі ў вас ёсць вопыт, прапаноўваць і перадаваць яго. Мы гатовы вучыцца. Але прашу, майце на ўвазе адно: для нас святыя суверэнітэт і незалежнасць»

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *