Беларусь будзе і ў далейшым падтрымліваць добрасумленных інвестараў

Сацыяльная сфера

21 сакавіка, Магілёў /Міхаіл Маціеўскі — БЕЛТА/. Беларусь будзе і ў далейшым падтрымліваць добрасумленных інвестараў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання ў Магілёве прадпрыемстваў кампаніі «Кранаспан», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы на прыкладзе прадпрыемства расказаў, што інвестары ў Беларусі могуць скарыстацца рознымі льготамі і паслабленнямі. У прыватнасці, калі кампанія завазіла ў краіну нямецкае абсталяванне, яна не плаціла ўвазную пошліну і ПДВ. Усяго сума такіх ільгот склала амаль $100 млн.

«Калі яны, як ваша прадпрыемства, працуюць сумленна, я ім паабяцаў: падтрымаем яшчэ па нейкіх напрамках. І я, і члены ўрада, і міністры ўнікаюць у сітуацыю і робяць насустрач адпаведныя рухі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым створаны спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў. «Я не ведаю, што яшчэ зрабіць, каб лішні раз даказаць, што тут для ўкладвання інвестыцый створаны спрыяльныя ўмовы. У нас стабільнае грамадства, у нас ціхая, спакойная краіна. У нас улада (дзесьці яна памыляецца, дзесьці дапускае памылкі, і я магу рабіць памылкі, я ж таксама чалавек), згадзіцеся, не горшая. Мы не раскралі краіну, не дапусцілі абвалу. Тыя ж бяспека і стабільнасць вынікаюць з дзейнасці ўлады», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі адсутнічае праблема хабарніцтва, а адзінкавыя выпадкі, якія і бываюць, адразу ж выяўляюцца і спыняюцца. Замежныя інвестары прызнаюць, што ў гэтай сферы наведзены парадак, і прыходзяць у краіну.

Акрамя таго, Беларусь прывабная для інвестараў высокакваліфікаванымі кадрамі, якаснай і адначасова недарагой сыравінай. «Калі ёсць гэта сыравінная база і рабочыя рэсурсы, інвестар прыйдзе. А па падатках мы дамовімся з кожным персанальна, хто хоча прыйсці сюды працаваць. Калі спачатку для яго і паніжаныя падаткі сур’ёзныя, мы дамовімся. Мы часта так робім. Але галоўнае — гэта бяспека і цішыня», — упэўнены Прэзідэнт.

Дзяржава таксама гатова стварыць неабходныя ўмовы і для развіцця зусім невялікіх прадпрыемстваў. «Сёння мы вам дапаможам, знізім падаткі, заўтра вы працаўладкуеце дзясятак-другі чалавек, будзеце плаціць ім добрую зарплату. Калі станеце на ногі, будзеце плаціць падаткі, як усе», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу ўладальнік групы кампаній «Кранаспан» Пітэр Кайндл заявіў, што для развіцця яго прадпрыемстваў у Беларусі былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы. Таму кампанія вырашыла значна павялічыць аб’ём сваіх інвестыцый. Так, першапачаткова па інвестыцыйным дагаворы кампанія абавязалася ўкласці ў вытворчасці $150 млн і стварыць 150 рабочых месц. Але ўжо ў 2017 годзе аб’ём інвестыцый павінен перасягнуць $1 млрд, а за 2010-2016 гады было створана больш за 1 тыс. рабочых месц.

Паводле слоў бізнесмена, яго кампанія таксама прапануе беларускаму ўраду стварыць у Шклове завод па вытворчасці дэкаратыўнай паперы.

«У Беларусі нас прывабліваюць матэрыялы, сыравіна, высокаадукаваныя кадры і тыя эканамічныя ўмовы, якія стварае ўрад, — яны ідэальныя. Беларусь таксама мае ідэальнае месцазнаходжанне для арганізацыі лагістыкі. Немалаважны фактар — стабільнасць у краіне», — падкрэсліў Пітэр Кайндл.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *