Нетыповы бізнес

Падзеі

У студзені 2017 года Слонімскім міжрайаддзелам фінансавых расследаванняў закончана праверка камерцыйнага прадпрыемства, якое прымала ўдзел у выкананні ў Слоніме будаўнічых работ перад правядзеннем абласнога фестывалю “Дажынкі”.

Атрымаўшы ў якасці аплаты некалькі мільярдаў недэнамінаваных  рублёў, кіраўнік фірмы не пажадаў пагасіць наяўныя даўгі перад пастаўшчыкамі і падрадчыкамі, сярод якіх было нямала прадпрыемстваў, што фінансуюцца з бюджэту. Натуральна, гэта стварыла для іх не толькі фінансавыя цяжкасці, але і немагчымасць распараджацца фактычна сваімі заробленымі грашыма.

Больш дэтальны аналіз дзейнасці камерцыйнага прадпрыемства паказаў, што яго кіраўнік меў магчымасць пагасіць усе наяўныя даўгі, але замест гэтага аддаў перавагу таму, каб фактычна выцягнуць усе грошы з прадпрыемства.

Для пачатку ён зняў з сябе паўнамоцтвы кіраўніка і тут жа заключыў сам з сабою, як з індывідуальным прадпрымальнікам, дагавор на кіраванне фірмаю, атрымаўшы за непрацяглы час у якасці ўзнагароджання больш за 9 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

Але і гэтага аказалася мала. Пасля зваротаў крэдытораў у эканамічныя суды з мэтаю вяртання даўгоў гаспадар фірмы-даўжніка пачынае выводзіць грошы, выконваючы разнастайныя плацяжы на карысць сваіх падкантрольных суб’ектаў гаспадарання – выплачвае за іх падаткі, зборы, нават крэдыты і працэнты за карыстанне імі ў шматмільённых памерах.

Адначасова з карпаратыўнай карткі фірмы пераводзяцца ў наяўныя звыш 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Фактычна за кароткі час фірма з паспяховага прадпрыемства становіцца неплацежаздольнаю, змяняе адрас сваёй “прапіскі” з Гродна на Мінск (мабыць, далей ад крэдытораў) і ў дачыненні да яе пачынаецца працэдура банкруцтва.

Цяпер над гэтым нетыповым прыкладам “паспяховага” бізнэсу, які пакінуў пасля сябе толькі непагашаныя даўгі і ў якім выйграў толькі  нячысты на руку кіраўнік, належыць разабрацца следству, якое расследуе ўзбуджаную фінансавай міліцыяй крымінальную справу па артыкуле 242 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

С. ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага МА УДФР КДК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *