Як атрымаць спадчыну

Падзеі

Пытанне да натарыуса: прачытала, што завяшчанне павінна быць засведчана натарыусам пры сведцы, а мая маці складала завяшчанне ў 1993 годзе, пра сведку тады нічога не было напісана. Да натарыуса яна хадзіла адна. Ці мае сілу такое завяшчанне?

Адказ натарыуса: завяшчанне, якое склала ваша маці, сапраўднае, паколькі яно было засведчана па ранейшым Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь, згодна з якім сведка не патрабаваўся.

Пытанне: чаму з мяне спаганяюць запазычанасць за камунальныя платяжы? У суд мяне не выклікалі, да натарыуса таксама не запрашалі, а цяпер галоўны госць у маім доме — судовы выканаўца.

Адказ натарыуса: запазычанасць па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне жылым памяшканнем, уключаючы пені, згодна з указам №366 ад 11 жніўня 2011 года, могуць спагнаць з вас у бясспрэчным парадку. Для гэтага арганізацыя, якая прадастаўляе вам жыллёва-камунальныя паслугі або налічвае плату за іх, звяртаецца да натарыуса па здзяйсненне выканаўчага надпісу. Да звароту да натарыуса гэта арганізацыя павінна была накіраваць вам пісьмовае папярэджанне аб неабходнасці выплаты запазычанасці і намеры звярнуцца па выканаўчы надпіс, калі вы не аплаціце запазычанасць да даты, пазначанай у папярэджанні. Паколькі вы не пагасілі запазычанасць у добраахвотным парадку, здзейснены натарыусам выканаўчы надпіс выконваецца судовым выканаўцам. Спагнанне запазычанасці па аплаце жыллёва-камунальных паслугаў і (або) аплаце за карыстанне жылым памяшканнем праводзіцца на падставе выканаўчага надпісу натарыуса, а ў выпадку аспрэчвання — у судовым парадку. 

Пытанне: у перыяд шлюбу ў нас з мужам нарадзілася дачка, і мы пабудавалі па льготным крэдыце кватэру, якая аформлена на мужа. У кватэры прапісаны я, муж, дзіця. Крэдыт поўнасцю выплачаны. Ці можна мне цяпер выпісацца з нашай кватэры ў кватэру бацькоў, якая дасталася мне ў спадчыну? Ці не страчу я права пражывання ў кватэры, набытай па льготным крэдыце? Ці можна, знаходзячыся ў шлюбе, выдзеліць долі ў кватэры? У якіх суадносінах? Ці мае права дачка на якую-небудзь частку ў кватэры?

Адказ натарыуса: паколькі гэта маёмасць набыта ў шлюбе, кожнаму з сужэнцаў належыць 1/2 долі ў праве ўласнасці. Вы можаце выдзеліць сваю долю ў любы час. Акрамя таго, можна заключыць шлюбны дагавор, вызначыўшы долі сужэнцаў на ваша меркаванне. Што тычыцца права пражывання, то яно абумоўлена рэгістрацыяй, але паколькі ў вас ёсць права ўласнасці ў гэтай кватэры, то згодна з заканадаўствам вы маеце права валодаць і карыстацца сваёй доляй, незалежна ад рэгістрацыі. У вашага дзіцяці, акрамя права карыстання кватэрай, ніякіх іншых правоў няма, паколькі гэта маёмасць набыта вамі і вашым мужам.

Пытанне: у мяне памёр бацька. На працягу якога тэрміну я павінна падаць заяву аб спадчыне? У яго застаўся непагашаны крэдыт. Ці павінна я буду яго выплачваць?

Адказ натарыуса: для прыняцця спадчыны спадчыннік павінен на працягу шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны падаць у натарыяльную кантору (бюро) па месцы адкрыцця спадчыны заяву аб прыняцці спадчыны або выдачы пасведчання аб праве на спадчыну. У склад спадчыны ўваходзяць усе правы і абавязкі, якія належалі спадчынадаўцу на момант адкрыцця спадчыны, існаванне якіх не спыняецца з яго смерцю. Такім чынам, немагчыма атрымаць у спадчыну толькі правы і адмовіцца ад абавязкаў (так, нельга прыняць у спадчыну дом, але адмовіцца выплачваць крэдыт). Трэба звярнуць увагу, што кожны са спадчыннікаў, хто прыняў спадчыну, адказвае па даўгах спадчынадаўца ў межах кошту маёмасці, якая да яго перайшла. Калі яго доўг меншы за кошт спадчыннай маёмасці, значыць вы будзеце абавязаны пагасіць гэты доўг. Калі доўг большы за кошт маёмасці, якая да вас перайшла, вы павінны будзеце пагасіць яго толькі ў аб’ёме кошту маёмасці, якую атрымалі ў спадчыну.

Пытанне: нядаўна памёр бацька, у якога была кватэра і зямля з хатай у вёсцы. Мы з сястрой дамовіліся, што мне дастанецца кватэра, а ёй — зямля і хата. Ці магу я адмовіцца ад сваёй долі ў зямлі і хаце, а сястра — ад долі ў кватэры?

Адказ натарыуса: адмова да часткі спадчыны не дапускаецца, як і адмова ад спадчыны з агаворкамі або пад умовай. Вы з сястрой можаце прыняць спадчыну і правесці яе падзел. Маёмасць, якая ўваходзіць у склад спадчыны і знаходзіцца ў агульнай долевай уласнасці двух ці некалькіх спадчыннікаў, можа быць падзелена па пагадненні паміж імі.

Пагадненне аб падзеле спадчыны, калі яно заключана да выдачы пасведчання аб праве на спадчыну і натарыяльна засведчана, з’яўляецца падставай для выдачы спадчыннікам пасведчання аб праве на спадчыну з пазначэннем у ім канкрэтных рэчаў.

Пагадненне спадчыннікаў аб падзеле спадчыны, калі яно заключана на працягу шасці месяцаў пасля выдачы пасведчання аб праве на спадчыну і натарыяльна засведчана, з’яўляецца падставай для дзяржаўнай рэгістрацыі спадчыннікамі іх права на нерухомую маёмасць згодна з гэтым пагадненнем.

Ж. СЁМУХА,
загадчыца натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *