Актуальна: дыялог думак «Галасуем за жыццё разам»

Падзеі

Акцыя пад такой назвай, скіраваная на прафілактыку суіцыдаў, завяршылася на Дзятлаўшчыне пасяджэннем «Круглага стала».

Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыні сельвыканкамаў, намеснікі кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна па ідэалагічнай рабоце, намеснікі дырэктараў установаў адукацыі па выхаваўчай рабоце, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, спецыялісты райЦГЭ, Дзятлаўскай ЦРБ, праваслаўны святар.

Пачала работу “Круглага стала” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Калодка. Яна зазначыла, што падставай для правядзення акцыі стаў аналіз дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне за 2016 год і несуцяшальныя лічбы статыстыкі гібелі людзей ад знешніх прычын, у тым ліку суіцыдаў. Таму ўзнікла патрэба сустрэцца, абмеркаваць праблему, выпрацаваць алгарытм дзеянняў.

Пра тое, што жыццё – гэта дар Божы і ім варта даражыць, прысутным нагадаў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, протаіерэй Мікалай Пінчук. Пазбавіць сябе жыцця – значыць абразіць Бога. Царква негатыўна ставіцца да самагубцаў, не моліцца за іх. Паслабленне бывае толькі для людзей, якія пры жыцці пакутавалі на сур’ёзныя псіхічныя захворванні і не разумелі, што робяць у момант суіцыду.

Чалавека можна засцерагчы ад ракавога крока, калі своечасова заўважыць трывожныя перадумовы, якія даводзяць яго да смерці – упэўнена Н. Калодка. Па каментарыі да гэтай думкі яна звярнулася да спецыялістаў.
Галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы М. Максімовіч заўважыла, што адной з актуальных праблемаў сусвету з’яўляецца дэмаграфічная. Актуальная яна і для нашай краіны, для Дзятлаўшчыны ў прыватнасці. Смяротнасць у нашым раёне даволі высокая. За 2016 год памерлі 558 чалавек – 22 чалавекі на тысячу насельніцтва (пры абласным паказчыку 13,4). Сярод памерлых былі 89 чалавек працаздольнага ўзросту (7 чалавек на тысячу насельніцтва пры абласным паказчыку – 4,3). Нарадзіліся летась 267 дзяцей. Такім чынам, насельніцтва Дзятлаўшчыны змяншаецца за кошт высокага ўзроўню смяротнасці і нізкага ўзроўню нараджальнасці.

Якія шляхі для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі? Адзін з іх – папярэджанне гібелі людзей ад знешніх прычын (у 2016 годзе памерлі 34 чалавекі). Сярод прычынаў гібелі – атручанне этанолам, вокісам вугляроду, дарожныя аварыі, апёкі і абмаражэнні, пераахаладжэнне, іншародныя целы ў гартані, утапленні, траўмы і забойствы, самагубствы.

Складзены сярэднестатыстычны «партрэт» суіцыданта: гэта мужчына працаздольнага ўзросту з сельскай мясцовасці і найчасцей беспрацоўны. Летась ад самагубстваў загінулі 13 чалавек, 8 з іх – працаздольнага ўзросту. Прычыны, якія падштухнулі іх да самагубства: сацыяльная дэзадаптацыя (3 чалавекі), цяжкія захворванні (3), стан запою (2), прычына невядомая (5). У стане алкагольнага атручвання былі 7 чалавек.
Калі зможам папярэдзіць самагубствы, да лепшага зменіцца і дэмаграфічная сітуацыя ў раёне.

Пра асноўныя прычыны і відавочныя прыкметы праяўлення суіцыдальнага стану расказаў доктар-псіхатэрапеўт Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Б. Отчык.

– Ёсць шэраг фактараў, якія вызначаюць суіцыдальныя паводзіны. Першы – гэта розныя псіхічныя расстройствы (дэпрэсія, сіндром залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў, шызафрэнія, расстройствы асобы, нервовая анарэксія і іншыя). Другі – гэта саматычныя паталогіі (найчасцей — анкалогія, эпілепсія, сардэчна-сасудзістыя хваробы, хваробы органаў дыхання і іншае). Трэці — суіцыдальная спроба раней. Калі чалавек спрабаваў учыніць суіцыд, хутчэй за ўсё ён паўторыць спробу.

Як вызначыць стан высокай суіцыдальнай рызыкі? Чалавек найчасцей падае «трывожныя сігналы» ў размове: фантазіруе, разважае на тэму смерці. Дэпрэсія, стрэс – гэта таксама падставы звярнуць увагу на чалавека. Варта быць уважлівымі дома, у працоўных калектывах, каб своечасова зрэагаваць на сітуацыю. Варта, не марудзячы, звяртацца да спецыялістаў, бо, магчыма, чалавеку патрэбна ўжо стацыянарная дапамога.
Сваімі меркаваннямі наконт праблемы прафілактыкі суіцыдаў таксама падзяліліся псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна В. Ступчык, загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Т. Кулеш, фельчар-велеолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н. Юрэня.

Прысутныя абмеркавалі прычыны ўчынення суіцыдаў у 2016 годзе. Паразважалі, як лепш наладзіць узаемадзеянне паміж суб’ектамі прафілактыкі і структурамі соцыуму, выпрацавалі алгарытм сумесных дзеянняў і рэкамендацыі кіраўнікам, ідэалагічным работнікам, спецыялістам зацікаўленых службаў. Кожны з прысутных атрымаў памяткі і нумары тэлефонаў службы экстранай псіхалагічнай дапамогі.

І. СТЫРНІК
Фота Б. ВАРНЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *