Запасаліся хрышчэнскай вадой, акуналіся ў Іардань

Падзеі

Праваслаўныя вернікі 18 студзеня адзначаюць Хрышчэнскі пярэдадзень, а 19 студзеня — свята Богаз’яўленне, або Хрышчэнне Гасподняе. Ва ўсіх цэрквах адбываецца вялікае асвячэнне вады.

Карэспандэнты газеты «Перамога» пабылі ў вёсцы Цяцейкі на аграсядзібе «Каля дуба». Сёння гаспадары сядзібы Сяргей Міхайлавіч і Жанна Юр’еўна Калпінскія сустракалі гасцей. Галоўным госцем, вядома ж, быў праваслаўны святар —  айцец Сергій Антошкаў, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц. Ён адслужыў малебен і асвяціў ваду ў крыжападобнай палонцы «Іардані» на мясцовай азярыне і ў сасудах, якія загадзя падрыхтавалі вернікі.

Варта адзначыць, што асвячэнне вады напярэдадні Богаз’яўлення стала ў Цяцейках добрай традыцыяй, пра якую на Дзятлаўшчыне ведаюць многія. А таму каля «Іардані» сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, а і госці з іншых куткоў раёна.

DSCN0779 DSCN0784 DSCN0786 DSCN0788

Пасля малебна айцец Сергій павіншаваў прысутных са святам. Вернікі мелі магчымасць акунуцца ў «Іардань» або проста абмыць вадою твар. Самымі смелымі сёлета аказаліся жанчыны. Яны не пабаяліся холаду і першыя акунуліся ў купель.

DSCN0792 DSCN0794

IMG_1660

IMG_1654

Усе, хто пабыў на асвячэнні, назапасілі для сябе святой вады. Хрышчэнская вада з’яўляецца вялікай святыняй і не псуецца доўгі час, а захоўваць яе лепш побач з хатнім іканастасам.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *