В. Ламака: “Жадаю парадку ў душы, у галаве і ў доме”

Здарэнні і бяспека

У кожнага ратаўніка – свая цікавая гісторыя, звязаная з выбарам прафесіі. Да прыкладу, камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №11 у Казлоўшчыне мог стаць юрыстам або трэнерам, але лёс вырашыў інакш. Тое, што ўсё было нездарма, пацвярджаюць узнагароды за службу, якія мае ратаўнік – нагрудны знак “Выдатнік МНС” і юбілейны медаль.

— Шчыра скажу, не меў такой мары пайсці ў ратаўнікі, – прызнаецца Валерый Канстанцінавіч.

Пасля заканчэння Мяляхавіцкай школы спрабаваў паступаць ва ўніверсітэт на правазнаўства, на жаль, не прайшоў па конкурсе. А тут акурат сябар, разам з якім Валерый займаўся спортам, падаваў дакументы ў фізкультурны тэхнікум у Гродна і запрасіў паступаць за кампанію.

— Атрымалася так, што я паступіў туды, а сябар – не. Так атрымаў спецыяльнасць “Выкладчык-арганізатар фізічнай культуры”.

Адразу пасля вучобы Валерый пайшоў у войска, амаль два гады служыў у Віцебску ў разведроце. А калі вярнуўся дахаты, трэба было працаўладкоўвацца. На той час у спартыўнай школе месцаў не было, аднак учарашняму салдату прапанавалі паступіць на міліцэйскую або пажарную службу. І ён вырашыў для сябе, што будзе ратаўніком. Крыху менш, чым два дзесяцігоддзі Валерый Канстанцінавіч працаваў у райцэнтры, затым быў начальнікам аварыйна-выратавальнага паста ў Падвялікім, а затым перайшоў у Казлоўшчыну, дзе працуе дагэтуль. Пасля расповеду пра сваю біяграфію Валерый Ламака адказаў на некалькі пытанняў пра будні ратаўнікоў.

_MG_2666

— Валерый Канстанцінавіч, ці помніце вы свой першы баявы выезд?

— Паверце, такое не забываецца. Першы ў маёй працы пажар быў нескладаным, мы яго хутка ліквідавалі. А вось другі – моцна ўрэзаўся ў памяць. Гарэла мехмайстэрня ў гаспадарцы ў Змяёўцах, на месцы пажару стаялі кіслародныя балоны, якія маглі ў любы момант выбухнуць. Мы сталі іх паліваць, а вада пераўтваралася ў пару, такая была высокая тэмпература. Аднак справіліся, ахаладзілі балоны, лакалізавалі пажар, адцягнулі іх на бяспечную адлегласць.

— Што, па-вашаму, адрознівае прафесію ратаўніка ад іншых?

— Тым, што мы не ведаем, дзе ў хуткім часе можа спатрэбіцца наша дапамога, але павінны быць гатовы дапамагчы ў любую хвіліну. Так атрымалася, што два гады запар наша змена дзяжурыла ў навагоднюю ноч, і да апошняга захоўвалася інтрыга, дзе мы сустрэнем свята – у сваім пасёлку або на процілеглым краі раёна. Праўда, звычайна навагодняя ноч ціхая.

— Па-вашаму, без якіх якасцяў ратаўніку не абысціся?

— З аднаго боку, смеласць і адвага, з другога – разважлівасць і халодная галава. У надзвычайнай сітуацыі ратаўнікі ні ў якім разе не павінны паддавацца паніцы, каб дзейнічаць правільна і хутка на ліквідацыі здарэння.

— Як камандзір аддзялення, які наказ  вы даяце малодшым таварышам перад выездам на пажар?

— У такіх выпадках я кажу: вы прыйшлі на службу здаровыя, маладыя, такімі павінны і вярнуцца дадому, да сваіх блізкіх. Асабістая бяспека для ратаўнікоў павінна быць на першым месцы. Праўда, калі з агню трэба ратаваць людзей, мы робім для гэтага ўсё магчымае і нават немагчымае.

— Што пажадаеце калегам па працы з нагоды свята?

— Як ні банальна гэта гучыць, найперш – моцнага здароўя. Парадку ў душы, у галаве і ў доме, спакою і міру ў сям’і. Бо калі ў ратаўніка надзейны тыл, ён можа сканцэнтравацца на службе.

Матэрыялы старонкі падрыхтавалі інспектар Дзятлаўскага РАНС А. Беленка і карэспандэнтка газеты “Перамога” Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *