Ці варта ездзіць на веласіпедзе зімой
Опубликовал

Ці варта ездзіць на веласіпедзе зімой

З выпадзеннем снегу веласіпеды, як правіла, адпраўляюцца на зімовае захоўванне. Але ёсць людзі, якія не змяняюць свайму двухколаму сябру нават у марозныя дні. І ўсё ж зіма – не лета. У яе свае асаблівасці і патрабаванні да ваджэння.

Адразу адзначу: рухацца на веласіпедзе па дарозе ва ўмовах снегападу і (або) галалёдзіцы забаронена!

Зімой рана цямнее і часцей за ўсё даводзіцца ездзіць у прыцемках і цемры. Таму пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і (або) пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду – фара (ліхтар), якая выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло. Для сваёй бяспекі трэба апранаць яркую вопратку, лепш за ўсё – са святлоадлюстроўваючымі элементамі, а яшчэ лепш – спецыяльную камізэльку. Акрамя таго, многія забываюць, што рухацца варта па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Толькі пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці перамяшчацца па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін рад не далей за 1 метр ад яе правага краю. Жаданне развіць высокую хуткасць прымушае веласіпедыстаў выязджаць на праезную частку дарогі, што, акрамя выключных выпадкаў, правіламі забаронена.

Тармажэнню – асаблівая ўвага. Зімой пры тармажэнні галоўная праблема ў тым, што няма магчымасці тэрмінова спыніцца, калі спатрэбіцца пазбегнуць сутыкнення з машынай, пешаходам ці ямай на шляху.

Зімой правы край праезнай часткі, дзе дазволена рухацца веласіпедыстам, на большасці дарог засыпаны снегам. Па снежнай “кашы” лепш не ездзіць – круціць педалі па ёй цяжка, а хуткасць руху параўнальная з хуткасцю пешахода. Па вузкай каляіне пажадана не ездзіць, не маючы вялікага вопыту кіравання веласіпедам, паколькі выязджаць з каляіны вельмі цяжка, а няўдалая спроба выскачыць з яе заканчваецца падзеннем. Яшчэ адна небяспека: зімой бардзюры засыпаны снегам, і даволі складана вызначыць, дзе пад снегам знаходзіцца бардзюрны камень. Пераязджаючы з праезнай часткі на тратуар, трэба зніжаць хуткасць і загадзя падымаць пярэдняе кола, а лепш спыніцца і перанесці веласіпед.

Не варта забываць і пра адказнасць за парушэнне правілаў дарожнага руху. Так, артыкул 18.23 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае папярэджанне або штраф у памеры ад адной да трох базавых велічыняў за парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе веласіпедам. Калі парушэнні пацягнулі за сабой стварэнне аварыйнай сітуацыі, памер штрафу складзе ад 3 да 8 базавых велічыняў, у выпадку нанясення пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання або пашкоджання маёмасці, а таксама пакідання месца дарожна-транспартнага здарэння штраф павялічваецца да пяці-дваццаці базавых велічыняў.

За 2016 год на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна за парушэнне правілаў дарожнага руху былі затрыманы 310 веласіпедыстаў, з якіх, дарэчы, 71 – у нецвярозым стане; зарэгістраваны 2 дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам веласіпедыстаў.
Калі вы ўсё ж такі вырашылі падоўжыць веласіпедны сезон на зімовы час, не парушайце правілы, будзьце вельмі ўважлівыя і асцярожныя.

А. МУХА,
дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ

0 0 381 16 Январь, 2017 Сацыяльная сфера Январь 16, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *