Прафесія – ратаўнік
Опубликовал

Прафесія – ратаўнік

Сапраўдныя ратаўнікі вызначаюцца не ўзростам і не вопытам, нават не заслугамі і рэгаліямі. Проста тое, што мы завем подзвігам, яны называюць работай.

Для начальніка каравула аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Дзятлава Уладзіміра Бяляткі выбар прафесіі ратаўніка вырашыла не мара, а выпадак. Яшчэ калі быў старшакласнікам Наваельнянскай сярэдняй школы, давялося ўратаваць чалавечае жыццё. У час летніх канікулаў на мясцовай рэчцы купалася кампанія дзяцей, адзін з якіх пачаў тануць. Не вагаючыся, юнак кінуўся ў ваду і выцягнуў пацярпелага на бераг. Праз гады, ужо пасля заканчэння школы, жыццё зноў прывяло Уладзіміра Бялятку на шлях уратавання людзей, цяпер ужо – на прафесійнай аснове.

Служба для маладога чалавека пачалася з 2008 года, калі паступіў на вучобу ў Гомельскі інжынерны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь. Яшчэ будучы курсантам, Уладзімір Віктаравіч праходзіў стажыроўку на Дзятлаўшчыне, тут пазнаёміўся са спецыфікай работы і з будучымі калегамі па працы. Па заканчэнні вучобы ў 2012 годзе ён атрымаў размеркаванне на радзіму, дзе адразу прыступіў да службовых абавязкаў у якасці начальніка каравула.

Маладому чалавеку выпала працаваць разам з больш вопытнымі калегамі, а значыць не толькі правяраць і замацоўваць атрыманыя веды на практыцы, але і заваёўваць аўтарытэт сярод саслужыўцаў. Як паказаў час, ва Уладзіміра Бяляткі гэта атрымалася паспяхова. Дапамаглі грунтоўныя веды, нязменнае пачуццё такту, субардынацыі, таварыскасць, гатоўнасць падтрымаць і скіраваць саслужыўцаў, за здароўе і бяспеку якіх у час дзяжурства начальнік каравула адказвае, як за свае ўласныя.

_MG_2683

Як і кожны ратаўнік, Уладзімір Бялятка яскрава помніць свой першы выезд на пажар, які здарыўся праз два тыдні пасля прыходу на працу ў аддзел. На пытанне, ці было адчуванне страху, афіцэр адказвае адмоўна:

— Усе надзвычайныя сітуацыі ў час вучобы мы неаднаразова дэталёва адпрацоўвалі, – кажа Уладзімір Віктаравіч. –  Таму дзейнічалі хутка, арганізавана, як і належыць камандзе. 

— За час працы ў аддзеле ці даводзілася ратаваць чалавечае жыццё? – пытаюся ў суразмоўцы.

— Так, летась выязджалі на пажар у Алёхнавічы, дзе выратавалі мужчыну.

Старэйшаму таварышу Уладзіміра Бяляткі, намесніку начальніка аддзела па аператыўна-тактычнай рабоце Сяргею Казушчыку, ёсць што сказаць пра калегу па працы:

—Уладзімір Бялятка прыйшоў працаваць у пажарную часць маладым лейтэнантам і адразу прыступіў да абавязкаў камандзіра змены. Кожнае дзяжурства пад яго кіраўніцтвам працуюць каля васьмі чалавек, якім ён павінен ставіць правільныя задачы і за якіх нясе адказнасць перад кіраўніцтвам. Адны з першаступенных задач, якія ён павінен быў вырашыць пасля прыходу на працу, – заваяваць аўтарытэт калег па працы, а таксама правільна скарыстацца ведамі, атрыманымі ў час вучобы. Усё гэта, лічу, атрымалася паспяхова. З уласцівасцяў характару, якія адрозніваюць Уладзіміра Віктаравіча, можна назваць скрупулёзнасць, адказнасць у выкананні пастаўленых кіраўніцтвам задач, абавязковасць. Акрамя таго, ён валодае тымі станоўчымі чалавечымі якасцямі, якія неабходны кожнаму для здаровай, зладжанай работы ў калектыве.

Сам Уладзімір Бялятка лічыць, што кожнаму сапраднаму ратаўніку патрэбны, па-першае, грунтоўныя веды ў сваёй справе і жаданне пастаянна вучыцца, па-другое, шчырае жаданне дапамагаць людзям, па-трэцяе, халодная галава і добры інстынкт самазахавання. Бо, каб дапамагчы іншым, трэба найперш зберагчы сябе.

0 0 429 18 Январь, 2017 Служба 101 Январь 18, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *