Медыкі падвялі вынікі і вызначылі перспектывы
Опубликовал

Медыкі падвялі вынікі і вызначылі перспектывы

24 студзеня на базе Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылося пасяджэнне раённага медыка-санітарнага савета. У ім узялі ўдзел намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама І. С. Кухарэвіч, галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ М. С. Максімовіч, галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ А. В. Шайбак, загадчыкі бальніц, амбулаторый, ФАПаў раёна, старшыя медыцынскія сёстры бальніц і аддзяленняў.

_MG_3732

_MG_3735

Галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Станіславаўна Максімовіч пазнаёміла прысутных з вынікамі дзейнасці ўстановы за 2016 год і агучыла задачы па паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна:

— За 2016 год мы дасягнулі значных вынікаў у рабоце, найперш – гэта паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. На працягу года было закуплена 35 адзінак медыцынскага абсталявання – фізіятэрапеўтычная апаратура, якая была размеркавана ў цэнтральную райпаліклініку, амбулаторыі і паліклінікі раёна; сучасны трэнажор для правядзення рэабілітацыі хворых пасля інсульту; на значную суму набылі датчыкі для апарата ўльтрагукавой дыягностыкі. Акурат цяпер раённая бальніца рыхтуецца да атрымання рэнтген-абсталявання для стацыянара. З гэтай мэтай праводзіцца рамонт кабінета.

Увогуле за 2016 год было праведзена шмат рамонтных работ. Пры фінансавай падтрымцы мясцовага ААТ “Граніт-Агра” адрамантаваны Круцілавіцкі фельчарска-акушэрскі пункт. Цяпер час працягваецца рамонт Міроўшчынскага ФАПа. Акрамя таго, абноўлены кабінеты аддзела кадраў Дзятлаўскай ЦРБ, выкананы касметычны рамонт Наваельнянскай паліклінікі.

Што тычыцца дэмаграфічных паказчыкаў, у параўнанні з 2015 годам яны значна палепшыліся. Скарацілася агульная смяротнасць і смяротнасць у працаздольным узросце, хоць на ўзроўні сярэднеабласных паказчыкаў мы выглядаем не лепшым чынам. Каб палепшыць сітуацыю, былі распрацаваны дарожныя карты аказання медыцынскай дапамогі хворым з інсультам. Каб хутчэй назначыць неабходнае лячэнне, праводзіцца тромбалізіс для пацыентаў, якія паступаюць да нас з інфарктам міякарда.

Аднак не варта забываць, што паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі – справа не толькі медыкаў. Варта нагадваць жыхарам раёна, што трэба своечасова праходзіць дыспансэрныя медагляды, строга выконваць рэкамендацыі доктара пры выпісцы са стацыянара і амбулаторным лячэнні, нарэшце, весці здаровы лад жыцця і берагчы сваё здароўе.

Кадравая сітуацыя ў Дзятлаўскай ЦРБ за мінулы год таксама палепшылася. Да нас прыбылі восем дактароў – маладых спецыялістаў, дванаццаць медыцынскіх работнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Сёлета да нас прыедуць яшчэ пяць дактароў – два тэрапеўты, анколаг, стаматолаг і траўматолаг-артапед. Аднак застаецца патрэба ў вузкіх спецыялістах – неабходны хірург, акушэр-гінеколаг, рэаніматолагі, эндакрынолаг, кардыёлаг, доктар функцыянальнай дыягностыкі.

За 2016 год сістэма аховы здароўя зрабіла істотны крок наперад у інфарматызацыі. Закупілі адзінаццаць камп’ютараў за сродкі бюджэту і сем – за спонсарскую дапамогу. У 2016 годзе мы перайшлі на электронны дакументаабарот. На сёння мы шчыльна падышлі да ўвядзення электроннага рэцэпта (тэхнічная ўкамплектаванасць складае 90%). У бліжэйшы час будзем займацца ўсталяваннем праграмнага забеспячэння, закупкай карт. Мяркую, у другой палове года мы ўжо будзем выпісваць пацыентам першыя электронныя рэцэпты. Таксама высокая, да 80%, гатоўнасць медыцынскіх установаў Дзятлаўшчыны да ўвядзення электроннай медыцынскай карты пацыентаў, электроннай гісторыі хваробы (да 60%). Добра зарэкамендавала сябе практыка перадачы тэлеэлектракардыяграмы з машыны “хуткай дапамогі” на рэанімацыйнае аддзяленне, калі доктар рэаніматолаг можа ў рэжыме “анлайн” пракансультаваць фельчара для аказання дапамогі хвораму на месцы або дастаўкі яго ў бальніцу.

Не можа не радаваць, што ў раёне ў разы зменшыліся выпадкі анкалагічнай запушчанасці – летась з дзесяці  выпадкаў анкалогіі малочнай залозы ў жанчын толькі адзін выявілі ў запушчанай стадыі. Больш занепакоены мы павышэннем выпадкаў захворвання на туберкулёз, таму варта яшчэ раз нагадаць жыхарам раёна аб неабходнасці своечасова рабіць рэнтгенафлюараграфічнае абследаванне. На сёння гэта самы дзейсны спосаб выявіць хваробу.

_MG_3723

Акрэсліла эпідэмічную сітуацыю ў раёне і расказала аб узаемадзеянні санітарнай і медыцынскай службаў раёна галоўны доктар раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Вячаславаўна Шайбак.

Намеснік галоўнага доктара па медыцынскай частцы Дзятлаўскай ЦРБ Інэса Анатольеўна Гусева ў сваім дакладзе разгледзела пытанні аказання сацыяльнай дапамогі пацыентам установаў аховы здароўя раёна.

_MG_3745

Намеснік галоўнага доктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Уладзімір Міхайлавіч Калодка ў выступленні спыніўся на аспектах і статыстыцы атрымання інваліднасці, прааналізаваў работу службы хуткай медыцынскай дапамогі, куратарам якой ён з’яўляецца.

Вынік нарады падвёў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкам Ігар Станіслававіч Кухарэвіч. Ён вызначыў шэраг напрамкаў дзейнасці медыцынскіх установаў раёна, у якіх варта актывізаваць працу. Ён падзякаваў медыцынскім работнікам за працу па ахове жыцця і здароўя жыхароў раёна.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара

0 0 415 26 Январь, 2017 Сацыяльная сфера Январь 26, 2017

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *