Планета сустракае 2017 год. Чаго чакае, аб чым марыць моладзь?

Падзеі

Крочыць па планеце Новы год, асвятляючы вуліцы водбліскамі рознакаляровых гірляндаў, расквечваючы вітрыны магазінаў адмысловымі карункамі. У дамах і кватэрах ужо пасяліліся пушыстыя прыгажуні ёлкі, а ў паветры лунае прыемны водар мандарынаў. У такі час стала добрай традацыяй падводзіць вынікі года мінулага, будаваць планы надалей. У новы год нам хочацца ўзяць з сабой толькі вартае і дарагое сэрцу.
Чаго чакаем ад 2017 года? Чаго жадаем нашай планеце, краіне, роднаму гораду, установе, сабе? Паразважаць і адказаць на гэтыя пытанні карэспандэнтка газеты «Перамога» папрасіла навучэнцаў гімназіі №1 горада Дзятлава.

Няхай зямля не ведае войнаў і пакутаў!

У наш час востра стаіць пытанне вырашэння глабальных экалагічных праблемаў. Наша прыгожая блакітная планета Зямля пакутуе з-за экалагічных катастрофаў, звязаных з негатыўным уздзеяннем чалавека на прыроду. Я спадзяюся, што ў 2017 годзе чалавецтва стане мудрэйшым, надасць праблемным пытанням асаблівую ўвагу, пачне клапаціцца аб планеце, бо гэта — наш агульны дом.

Таксама хачу, каб спыніліся войны і тэрарыстычныя акты, перасталі гінуць мужчыны, жанчыны, дзеці, мірныя жыхары, а паміж краінамі і людзьмі ўсталяваліся дабрасуседскія адносіны. Яшчэ спадзяюся, што медыкі нарэшце знойдуць лякарства ад усіх хваробаў.

Д. САРОКА

Будзь стабільнай і квітнеючай, мая Беларусь!

Беларусь — мая Радзіма. Я ганаруся, што нарадзілася і расла на гэтай зямлі. Наша Беларусь прываблівае турыстаў з усіх куткоў свету сваім спакоем і ўтульнасцю, добразычлівым народам, што немалаважна ў наш час.

Якой я хачу бачыць сваю краіну ў 2017-ым? Найперш, квітнеючай, бо для любой краіны важна мець стабільныя міжнародныя адносіны і развітую эканоміку. Па-другое, спакойнай. У сувязі з апошнімі сусветнымі падзеямі (войны, тэракты) перад многімі краінамі паўстала пытанне аб захаванні бяспекі іх народа. І, па-трэцяе, я хачу, каб мы, беларусы, клапаціліся аб сваёй дзяржаве, цанілі і праслаўлялі яе.

Т. ЛЯБЕЦКАЯ

Мая маленькая Радзіма — Дзятлава

Горад Дзятлава. Я ганаруся, што ты ўтульны і прыгожы, чысты і зялёны, прывабны і мілы сэрцу. І ў надыходзячым 2017 годзе я хачу бачыць цябе, мой горад Дзятлава, квітнеючым.

Веру, што наш горад будзе прывабліваць усё больш турыстаў. Спадзяюся, што сюды з радасцю будуць вяртацца жыць маладыя спецыялісты, што моладзь будзе старанна і творча працаваць і падымаць прэстыж горада Дзятлава.

А. ГУЛЬНІК

Гімназія №1 — у дзесятцы лепшых школ рэспублікі

Я хачу, каб і пасля нашага паступлення прэстыж гімназіі №1 горада Дзятлава заставаўся на ранейшым узроўні, бо ўсім вядома, што на працягу трох апошніх гадоў наша ўстанова ўваходзіць у дзясятку лепшых школаў рэспублікі. Хачу, каб у гімназію паступала больш таленавітых вучняў, якія імкнуцца не толькі атрымаць веды, але і праславіць нашу навучальную ўстанову на міжнародным узроўні.

Д. МАРКАВА

2017 год: я — навучэнец прэстыжнай ВНУ

У 2017 годзе я бачу сябе дарослым і сур’ёзным чалавекам, які ўпэўнена крочыць да сваёй мэты. Я лічу, што ,пасталеўшы, здолею адказна адносіцца да сваіх абавязкаў. Самае галоўнае, чаго чакаю ад 2017-га, — стаць студэнтам вышэйшай навучальнай установы. Упэўнены, што пасля заканчэння гімназіі нашага горада я стану годным грамадзянінам сваёй краіны. 2017-ы — год нашага выпуску. У добры час!

І. ЦЯРЭШКА

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *