Калі ласка, у садок!

Падзеі

28 снежня ў Міроўшчынскім дзіцячым садзе сустракалі гасцей. Гэта былі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. М. Дубовік, намеснік старшыні райвыканкама І. С. Кухарэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. С. Белаус, намеснік начальніка аддзела, старшыня раённай арганізацыі ГА «БСЖ» А. І. Жадзейка, старшыня Вензавецкага сельвыканкама А. І. Шымко, старшыня прафкама ААТ «Дзятлаўская сельгастэхніка» Я. В. Рагойжа, іерэй царквы вёскі Накрышкі Аляксей Сцепановіч.

 

У Міроўшчынскім дзіцячым садзе нядаўна скончыўся рамонт, і памяшканні набылі новы прывабны выгляд. Як зазначыла загадчыца ўстановы К. В. Заянчкоўская, з дапамогай кіраўніцтва раёна, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ААТ «Дзятлаўская сельгастэхніка», калектыву садка і бацькоў выхаванцаў шмат было зроблена, каб дзеці атрымлівалі дашкольную адукацыю ў цёплым, прыгожым, утульным будынку.

Традыцыйную чырвоную стужку ля ўвахода ў адну з групаў перарэзалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. М. Дубовік, выхаванец садка Ягор Плаўскі і сама загадчыца.

 

Аляксандр Міхайлавіч Дубовік зазначыў, што самым важным быў рамонт даху, на які затрачана 26535 рублёў. Работы выканала падрадная арганізацыя ТАА «ГарДамБуд» горада Навагрудка. Гэтая ж арганізацыя адрамантавала вонкавую тарцовую сцяну фасада будынка.

Унутраныя работы па рамонце памяшканняў садка выконваліся ўласнымі сіламі. Праведзены рамонт усіх памяшканняў другога паверха і часткова першага. Загадчыца ўстановы К. В. Заянчкоўская ў час рамонту намалявала казачныя сюжэты на сценах у групах, калідорах, спальнях садка.

ААТ «Дзятлаўская сельгастэхніка» аказала спонсарскую дапамогу па замене сантэхнічнага абсталявання.
Паколькі адкрыццё Міроўшчынскага дзіцячага сада пасля рамонту адбывалася ў час навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», госці ўручылі падарункі для ўстановы і салодкія падарункі для выхаванцаў.
Добрую справу благаславіў настаяцель царквы вёскі Накрышкі айцец Аляксей Сцепановіч і падарыў дзіцячаму саду ікону Божай Маці Жыровіцкай.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *