Гісторыя — царыца навук

Падзеі

З такім перакананнем жыве і працуе настаўніца гісторыі гімназіі №1 горада Дзятлава Лідзія Андрэеўна Ляўкевіч. А калі чалавек у нечым перакананы, то будзе несці святло сваіх перакананняў праз усё жыццё, працаваць так, каб гэта складаная навука, якая патрабуе не толькі ведаў, але і глыбокага аналізу, для школьнікаў ператварылася ў радасную дзею.

У кожнага настаўніка свой педагагічны лёс, свой шлях да сэрцаў дзяцей, свая дарога да педагагічнага майстэрства. Нельга сказаць, што ў некага яна лёгкая і бязвоблачная — усе прабіраюцца праз церні, шукаюць і знаходзяць, губляюць і ідуць наперад, да новых вяршыняў. Інакш не будзе настаўніка, не будзе прафесіянала і проста Чалавека з вялікай літары, якім павінен быць кожны ў сваёй прафесіі.

Цікавым і цярністым быў шлях настаўніцы гісторыі нашай гімназіі Л. А. Ляўкевіч. Працавала яна спачатку ў Казлоўшчынскай школе, затым у СШ №2 горада Дзятлава, дзе адбылося яе станаўленне як настаўніка-прафесіянала. З 2003 года школа набыла статус гімназіі. Усё, чым жыла гімназія як установа адукацыі новага тыпу, прайшло праз сэрца гэтай няўрымслівай жанчыны, якая заўсёды і за ўсё ў адказе, заўсёды і ўсім гатова прыйсці на дапамогу. Дзеці яе вельмі любяць і паважаюць. Яна строгая і патрабавальная, пераканана, што гісторыю сваёй краіны павінен на выдатна ведаць кожны выпускнік. Паспрабавалі б вы замяніць настаўніка ў класах, дзе працуе Лідзія Андрэеўна, — і гэта магло б выклікаць сапраўдны пратэст гімназістаў. «Наша Лідзія Андрэеўна», — пачуеце вы цёплае, сяброўскае за спінай. Яна сапраўды іх настаўнік, таму што любіць іх бязмерна, простая ў абыходжанні, шчырая і адкрытая, такая як ёсць. Любіць, як сваіх дачок, Алену і Іну, якія некалі таксама былі мамінымі вучаніцамі. Любіць і разумее, бо сама прайшла праз усе школьныя калідоры і ў якасці маці, і ў якасці класнага кіраўніка, і ў якасці класнай дамы, і ў якасці старэйшага сябра. Менавіта тады, калі вучыла сваіх дачок, Лідзія Андрэеўна зразумела, што трэба адносіцца да дзяцей з цеплынёй і павагай, што ўсе яны розныя і ўсе добрыя, шчырыя, трэба толькі падабраць ключык да кожнай душы, да кожнага сэрца. А падабраць гэты самы ключык яна імкнецца ўсё жыццё. Ой, як шмат гэтых ключыкаў спатрэбілася настаўніцы: адным яна адмыкала сэрца Веранікі Дзянькоўскай, якая парадавала настаўніцу дыпломам з абласной алімпіяды, другім — Вольгі Паўлоўскай, таксама прызёра абласной алімпіяды па грамадазнаўстве. На той час месца для дадатковых заняткаў у гімназіі знайсці было складана, у нас быў мультыпрофіль, вучні займаліся невялікімі групамі. Таму настаўніца і дзяўчаты заўсёды «шчыравалі» ў чытальнай зале бібліятэкі і, не зважаючы на шум і размовы, чыталі, разважалі.

А колькім вучням яна дапамагла падрыхтавацца да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы? Не злічыць. І заўсёды шчыра, самааддана, нікому не адмовіла ў дапамозе. Год за годам, крок за крокам ідуць яе вучні па жыцці да новай перамогі і помняць сваю настаўніцу, не забываюць запрасіць на юбілеі, прынесці кветкі, патэлефанаваць.

_mg_1479

Лідзія Андрэеўна ў гімназіі паважаны чалавек. Яна адказвае за харчаванне гімназістаў, стараецца, каб былі задаволены ўсе патрэбы вучняў і іх бацькоў. А яшчэ другі год з’яўляецца сацыяльным педагогам гімназіі і выдатна спраўляецца з гэтай новай для яе работай. Актыўная, адказная, зацікаўленая — такой яе ведаюць калегі і жыхары раёна.

— Настаўнік старой загартоўкі, — кажуць пра яе калегі. Але хіба могуць састарэць творчасць і дысцыплінаванасць, хіба калі-небудзь адыдуць у нябыт і стануць непатрэбнымі адказнасць за даручаную справу, такт, уменне сабрацца і выдаць неабходную інфармацыю ў кароткі тэрмін, проста на хаду?

Такія настаўнікі, як Лідзія Андрэеўна Ляўкевіч «жывуць» школай. Сапраўды жывуць, бо мала любіць свой прадмет і ўрокі, быць прафесіяналам і даваць веды — патрэбна нешта большае: быць фанатам школы, не ўяўляць сябе без званкоў і перапынкаў, саракапяціхвілінных урокаў, вечароў і турніраў, праседжвання дапазна з вучнямі на дадатковых занятках.

Урокі Лідзіі Андрэеўны — гэта цэлыя спектаклі. Праводзіць яна ўрокі-гульні, урокі-КВЗ, урокі з выкарыстаннем тэхналогій, проста рабочыя ўрокі. І заўсёды стараецца дайсці да кожнага. Таму на яе ўроку заўсёды пануе рабочая атмасфера і ідзе плённая праца. Здаровы шумок ледзь чутна далятае да вуха  адміністратара, што праходзіць па калідоры. Гімназісты спасцігаюць вехі айчынная і сусветнай гісторыі, і вядзе іх да ведаў любімы праваднік — Лідзія Андрэеўна Ляўкевіч.

Мы ганарымся нашай настаўніцай, жадаем ёй здароўя, чалавечага і жаночага шчасця і плённай працы яшчэ на доўгія-доўгія гады.

А. АБРАМЧЫК,
настаўніца гімназіі №1 горада Дзятлава
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *