Абмежаваныя магчымасці і бязмежныя здольнасці

Падзеі

На базе цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшло дабрачыннае мерапрыемства «Дарогаю дабра», прымеркаванае да Дня інвалідаў. На яго былі запрошаны ўдзельнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык», іх бацькі.

_mg_0105

_mg_0099

_mg_0229

Старшыня раённай арганізацыі «БелТІЗ» Святлана Пятроўна Крэйдзіч, павітаўшы гасцей, расказала, што Дзень інвалідаў быў унесены ў каляндар Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый адносна нядаўна — у дзевяностых гадах мінўлага стагоддзя. Ён скіраваны на тое, каб звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на праблемы інвалідаў. З таго часу было шмат зроблена, каб палегчыць жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Аднак інваліды таксама не застаюцца пасіўнымі. Яны імкнуцца праявіць сябе, раскрыць свае таленты і здольнасці, каб прыносіць карысць грамадству. Доказам таму можа служыць дзейнасць і дасягненні людзей з абмежаванымі магчымасцямі нашага раёна. Аднак іх памкненні наўрад ці ажыццявіліся б, каб не падтрымка спецыялістаў і валанцёраў, якія працуюць у гэтай сферы. Святлана Пятроўна падзякавала гэтым нераўнадушным людзям за іх нялёгкую, адказную, але такую патрэбную працу. Яна ўручыла невялікія падарункі ад раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ» работніцам аддзялення «Праменьчык» В. Р. Саламевіч і А. П. Калюцік, кіраўніку гуртка «Пчолка» М. Г. Шэлег, якая заўсёды знаходзіць час для заняткаў з асаблівымі людзьмі. Падзячным пісьмом Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» за плённае супрацоўніцтва з раённай арганізацыяй была ўзнагароджана загадчыца аддзела культуры і адпачынку «Гезгалаўскі дом культуры» С. А. Русак.

_mg_0206

Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася спецыяліст аддзялення «Праменьчык» Алена Пятроўна Калюцік. Яна назвала сваіх выхаванцаў «людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і бязмежнымі здольнасцямі». Варта зазначыць, што назвала нездарма. Актавую залу «Праменьчыка» ўпрыгожваюць работы яго наведвальнікаў, многія з іх пабылі на абласных і рэспубліканскіх выставах, нават на «Славянскім базары» ў Віцебску. Многія работы былі выкарыстаны ў якасці падарункаў для гасцей і сяброў. Можна доўга расказваць і пра поспехі інвалідаў Дзятлаўшчыны, якіх ведаюць у вобласці і рэспубліцы. А таму Алена Пятроўна пажадала ім і надалей не падаць духам і ўпэўнена ажыццяўляць свае мары. Таксама яна падзякавала сябрам і спонсарам «Праменчыка» за маральную і матэрыяльную падтрымку. У ліку даўніх сяброў аддзялення — цэнтральная раённая бібліятэка і сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Дарэчы, і на гэта мерапрыемства яны завіталі не з пустымі рукмі. Работніцы бібліятэкі ў рамках прафілактычнай акцыі прынеслі плакаты і памяткі «Як засцерагчыся ад СНІДу», а таксама расказалі, што бібліятэка распрацоўвае праект дзейнасці аматарскага аб’яднання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, таму супрацоўніцтва хутка стане яшчэ больш цесным.

_mg_0063

_mg_0085

_mg_0128

_mg_0134

_mg_0158

_mg_0194

Добры настрой асаблівым людзям дарылі работнікі культуры Ганна Харлінская, Марына Варган, Таццяна Загорцава, Міхаіл Майсеенка. Выступіла юная зорачка Ксенія Шыкуць. Паказалі, на што здольныя, і самі інваліды. Музычныя нумары падрыхтавалі Віталь Крэйдзіч, Алег Бяляк, Ульяна Лукашэня, Анатоль Кець, Аляксандр Калодка, Таццяна Уласевіч.

Напрыканцы свята асаблівых людзей чакалі прыемныя сюрпрызы. Падарункі ад валанцёраў падрыхтавала Марына Генадзьеўна Шэлег. Спартыўныя футболкі інвалідам раёна падарыла аддзяленне тэрміновай дапамогі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Сваю прадукцыю для дэгустацыі выдзелілі хлебазавод Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства і ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод».

І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *