Навагодняе віншаванне старшыні Дзятлаўскага райвыканкама А.М. Дубовіка
Опубликовал

Навагодняе віншаванне старшыні Дзятлаўскага райвыканкама А.М. Дубовіка

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Дарагія землякі!

Новы год для кожнага з нас – гэта асаблівая ўрачыстасць, у якой увасабляюцца нараджэнне новай мары, прымірэнне і згода, яднанне і вера.

Новы год – гэта не проста свята. Гэта кропка адліку для ажыццяўлення новых ідэй і смелых ініцыятываў, прадаўжэння слаўных працоўных, культурна-масавых, спартыўных традыцый Дзятлаўшчыны.

Мудрасць гаворыць: “Будзь удзячны мінуламу за тое, што яно дорыць табе сучаснасць і будучыню”. Нягледзячы на тое, што 2016 год быў няпросты, можна з упэўненасцю сказаць, што пражыты ён намі годна. Магчыма, штосьці не атрымалася, нешта не дарабілі, але разам, супольна мы вырашалі многія складаныя задачы, якія стаялі перад намі. Галоўнае, што ў гісторыі нашай дзяржавы, нашага раёна гэты год застаўся яшчэ адной мірнай, шчаслівай старонкай.

Асаблівыя словы падзякі і павагі — старэйшаму пакаленню. Нізкі паклон нашым ветэранам за тое, што здабытая імі 71 год таму Вялікая Перамога дала нам магчымасць жыць, працаваць і вучыцца ў мірнай краіне. Ад усяго сэрца жадаю нашым ветэранам, удзельнікам вайны, ветэранам працы моцнага здароўя, бадзёрасці і даўгалецця!
Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Усё, што дасягнута ў 2016 годзе, зроблена сумеснымі намаганнямі, пры вашых падтрымцы, неабыякавасці, вашым даверы і непасрэдным удзеле ў жыцці роднага краю. Мы разам шукалі і знаходзілі патрэбныя рашэнні, працавалі для сябе і дабрабыту нашых сем’яў.

За апошнія гады ў перапрацоўчай прамысловасці раёна была праведзена вялікая работа па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасцяў, што дазволіла адкрыць новыя магчымасці па выпуску якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі, пашырыць экспартны патэнцыял.

У 2016 годзе прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на суму 73,5 мільёна дэнамінаваных рублёў, што ў параўнанні з 2015 годам склала 103,5%. Экспартавана прадукцыі на суму 21,5 мільёна долараў ЗША, тэмп росту экспарту тавараў да ўзроўню 2015 года склаў 113,1%. Забяспечаны прырост экспарту паслугаў на 160% да ўзроўню 2015 года.
Прадукцыя прадпрыемстваў раёна экспартуецца на рынкі 11 краінаў свету, а імпартуецца з 14 краінаў. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі раёна з’яўляюцца Расія, Літва, Кітай.

Грунтуючыся на шматвектарным супрацоўніцтве, падтрымліваюцца знешнеэканамічныя адносіны. У сферы знешняга гандлю арганізацыі раёна ўзаемадзейнічаюць з суб’ектамі гаспадарання больш чым з 20 краінаў свету, асноўныя з іх – Расія, Літва, Германія, Польшча, Эстонія, Латвія. У 2016 годзе пачалося асваенне рынкаў Казахстана, Румыніі, Туркменістана, Чэхіі.

Значную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці Дзятлаўскага раёна адыгрывае малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, якое спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, пашырэнню сферы паслугаў.
Найважнейшы складнік сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна – аграпрамысловы комплекс, а сельская гаспадарка заўсёды займае асаблівае месца ў эканоміцы і закранае інтарэсы нашых жыхароў, усіх без выключэння.

Адыходзячы год быў складаным для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, але, нягледзячы на гэта, нашы людзі зрабілі ўсё магчымае, каб годна вырашыць задачы, якія перад імі стаялі.

У 2016 годзе працягвалася работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, мадэрнізацыі і аснашчэнні ўстановаў аховы здароўя, адукацыі, культуры раёна, ажыццяўляліся меры па павышэнні ўзроўню жыцця дзятлаўчан.
Паважаныя землякі!

Усе нашы думкі і пачуцці, мары і надзеі скіраваны ўжо ў 2017 год. Нам трэба будзе шмат працаваць. Упэўнены, што рэалізацыя новых планаў усім па сілах. Для гэтага ў нас ёсць працавітыя людзі, граматныя кіраўнікі і спецыялісты, перспектыўная моладзь, за якой — будучыня раёна і ўсёй краіны.

Сардэчна дзякую вам за добрасумленную працу і ўдзячны кожнаму, хто працуе ў аграпрамысловым комплексе, выпускае прадукцыю, выхоўвае і вучыць дзяцей, стаіць на варце правапарадку, лечыць людзей, даглядае адзінокіх, састарэлых грамадзян, праводзіць культурна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, усім, хто ўносіць дастойны ўклад у развіццё нашага раёна.

Дарагія сябры! Ад імя Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым!

Няхай 2017 год падорыць дзецям шчаслівае дзяцінства, дарослым – радасць працы, мілым жанчынам – любоў і пяшчоту, людзям сталага ўзросту – маладосць душы.

Шчыра жадаю, каб нітка духоўнага адзінства, узаемнай падтрымкі і спагады злучыла нашы сэрцы, каб мы і надалей адчувалі сябе вялікай дружнай сям’ёй.

Няхай здзейсняцца ўсе вашыя жаданні, а надыходзячы год будзе плённым, мірным і шчаслівым для кожнага з вас.
Няхай навагодняя ноч сагрэе ўсіх цяплом хатняга ачага, любоўю родных і блізкіх!

Ад усяго сэрца жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця ў сем’ях, міру і дабрабыту!

З Новым 2017 годам!

Аляксандр Міхайлавіч ДУБОВІК,
старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта

4 0 821 30 Декабрь, 2016 Сацыяльная сфера Декабрь 30, 2016

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *