Сем дзён у Кахеціі. Частка 2

Падзеі

Горад кахання — Сігнахі

Пасля старажытнай Мцхеты нам прапанавалі наведаць горад Сігнахі. Яго называюць горадам кахання. Чаму? Па-першае, тут знаходзіцца адзіны ў Грузіі ЗАГС, які працуе ўсе 24 гадзіны ў суткі. Варта мець двух сведак, каб ваш шлюб зарэгістравалі, і ён будзе лічыцца сапраўдным. Па-другое, непадалеку ў вёсцы нарадзіўся мастак-прымітывіст Ніко Пірасмані, чые палотны дэманструюцца ў мясцовым музеі. Так, гэта той мастак, які “на все деньги купил целое море цветов” для сваёй каханай. Праўда, у музеі Сігнахі партрэт актрысы Маргарыты, дзеля якой Ніко прадаў усё, што меў – карціны, маёмасць, не ўбачыш. Палатно знаходзіцца ў Тбілісі. Але тут вельмі маляўніча будуць расказваць пра дзевяць вазоў з кветкамі для каханай, якія Ніко адправіў пад вокны Маргарыты.

Яшчэ тут узгадаюць дзівосную гісторыю кахання амерыканца Джона Вурдэмана да грузінскай дзяўчыны: Джон прыехаў паглядзець краіну, закахаўся ў грузінку і застаўся тут, у Кахеціі. Ён заснаваў сваю вінаробчую карпарацыю, якая працвітае і сёння.

img_3483

img_3484

img_3489

img_3490

img_3493

img_3494

img_3495

img_3511

Сядзіба Чаўчавадзэ

Яшчэ адну гісторыю кахання, толькі вельмі нешчаслівую, можна пачуць у гарадку Цынандалі. Там знаходзіцца сядзіба Аляксандра Чаўчавадзэ.

На гэтай сядзібе часта бываў Аляксандр Грыбаедаў. Ён закахаўся ў адну з дачок Аляксандра Чаўчавадзэ – Ніну, прапанаваў ёй руку і сэрца, ажаніўся з прыгажуняй. Але шчасце маладых было вельмі кароткае: літаральна праз год Грыбаедава забілі ў Іране, куды ён быў накіраваны ў якасці пасла, і Ніне прывезлі знявечанае цела мужа. Ніна ўсё жыццё насіла жалобу і па мужу, і па дзіцяці, якога страціла, ніколі больш не выходзіла замуж, хоць засталася ўдавой у сямнаццаць гадоў.

У музеі-сядзібе сабрана ўсё магчымае, што засталося ад роду Чаўчавадзэ. Тут, кажуць, асабліва прыгожа вясной, калі цвітуць шматлікія магноліі. А вось тыя, каго не пакідае вера ў шчасце і ўдачу, развешваюць рознакаляровыя стужкі на дрэве жаданняў.

img_3539

img_3544

img_3549

img_3551

У гасцях у Назі

Восенню літаральна на кожным падворку Цынандалі, ды і не толькі гэтага гарадка, багата вінаграду, інжыру, каралькоў (хурмой іх тут ніхто не называе, толькі каралькамі). Каралькі яшчэ не зусім спелыя, а вось гранаты – аж трэскаюцца ад спеласці. На аграсядзібе ў гарадку Джокала давялося пабачыць усё, што расце ў грузінскім садзе. Тут нас гасцінна сустрэла гаспадыня Назі. Гадоў пяць таму Назі адкрыла свой гасцявы дом, дзе ёй дапамагаюць маці, бацька, сястра Ія. Дзяўчаты яшчэ не знайшлі свае “палавінкі”, таму ўвесь час і энергію ўкладваюць у любімую справу. Вучыліся і Назі, і Ія ў Тбілісі. Назі мае спецыяльнасць юрыста, а Ія – стаматолага. Але гарадское жыццё сёстрам не спадабалася, вярнуліся дахаты і распачалі сваю справу. Цяпер “У Назі” з задавальненнем спыняюцца і жывуць турысты. Тут можна павучыцца гатаваць грузінскія стравы – хінкалі, мчадзі, чашушулі, пхалі, пачаставацца самымі свежымі хатнімі сырамі, ёгуртам, маслам, малаком.

На сядзібе трымаюць пяць кароў. Як расказала Назі, спецыяльна завялі хеўсурскую нізкарослую пароду, якая, падобна козам, можа пасвіцца ў гарах. Каровы штодня даюць па 7-8 літраў малака. Раніцай, пасля дойкі, іх выпускаюць на горны выпас, а ўвечары статак сам вяртаецца на сядзібу.

Яшчэ тут ёсць коні – клопат бацькі Назі. Ён можа праводзіць на вандроўку да Панкійскай цясніны. Цяпер тут бяспечна і можна ўдосталь любавацца горным краявідам. Праўда, нам не пашанцавала: усю ноч ліў дождж, і везці турыстаў па размытай дарозе ў горы Назі не дазволіла. Затое ў час пасядзелак яна цікава расказвала яшчэ пра адно сваё захапленне – мясцовую радыёстудыю, дзе занята як дыктар і прадзюсар.

Проста здзіўляешся, як Назі паспявае ўсюды: на аграсядзібе – дзеля заробку, на студыі – як сама зазначыла, для душы.

img_3563

img_3566

img_3570

img_3580

img_3575

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *