Сем дзён у Кахеціі. Частка 4

Падзеі

Тамада – гэта майстэрства

Майстэрства кіраваць застоллем у Грузіі перадаецца з пакалення ў пакаленне. Ужо змалку бацька-тамада навучае сына, перадае яму свае ўменні і сакрэты. Як кажуць самі грузіны, калі на застоллі прагучала менш за 20 адмысловых славаслоўяў-тастоў, то гэта не застолле, а так – крыху пасядзелі.

img_3434

Нездарма ў самым цэнтры Тбілісі пастаўлены помнік тамадзе. Рог, які трымае тамада, а таксама рукі і калені скульптуры выцерты да бляску. Усе, хто бывае каля помніка, стараюцца дакрануцца да тамады і загадаць запаветнае жаданне. Маё, напрыклад, спраўдзілася, і пра гэта я ўжо магу сказаць: а загадала, каб вандроўка была прыемнай, цікавай, бяспечнай. Атрымалася!

Як запэўніваў нас экскурсавод, ніхто не можа спаборнічаць у вінапіцці і славаслоўі з грузінскім тамадой. Нават не варта спрабаваць. Ён трымае ў галаве і прыдумвае на хаду тысячы тастоў, пачынаючы ад дабрабыту і міру на Радзіме, шчасця сям’і і заканчваючы легендай ці наогул казачным сюжэтам. І заўжды да месца, па тэме. У гэтым пераканаліся, калі спыніліся на верхняй кропцы перавала, на вышыні 1612 метраў, каб адзначыць “пераход праз верхні Каўказ”. Пажылы грузін, які за сваё жыццё, відаць, сказаў нямала тастоў, прамовіў: “Дык няхай гэтак жа лёгка пераадольваюцца ўсе жыццёвыя перавалы. Будуць побач надзейныя сябры, хопіць віна, а навокал будуць вечныя горы і вечная прыгажосць!”. Лепш і не скажаш!

img_3379

img_3414

img_3416

img_3421

img_3422

img_3423

img_3425

Свята горада Тбілісі

У сярэдзіне кастрычніка Тбілісі святкуе свой Дзень горада. Сёлета ён праводзіўся 15 кастрычніка, і мы зусім неспадзявана трапілі на ўрачыстасці. У цэнтры горада і на іншых плошчах Тбілісі праходзілі канцэрты, выставы, працавалі атракцыёны, кірмашы, ладзіліся дэгустацыі маладога віна і , вядома ж, шашлыкоў. Усе за святочны дзень настолькі прапахлі дымам, што ён, здаецца, адчуваўся і ў самалёце, якім вярталіся беларусы ў Мінск.

img_3680

img_3681

img_3682

img_3683

img_3684

img_3689

img_3691

img_3693

img_3695

img_3697

img_3700

Развітваліся з Грузіяй мы менавіта святочным днём, але да гэтага было дастаткова часу пахадзіць па вузкіх вулачках старога Тбілісі, палюбавацца мастом Міру, па падвясной дарозе падняцца да крэпасці Нарыкала, папарыцца ў знакамітых тбіліскіх серных лазнях, пабачыць шматгалосы тбіліскі базар.

Азбука Морзэ на мосце

Асабліва прыгожы Тбілісі вячэрні, калі загараюцца тысячы агнёў. Яны ступенямі падымаюцца ўверх, аж да крэпасці Нарыкала з адмысловай падсветкай. З кабіны падымальніка, які вязе турыстаў да крэпасці, бачны і старыя, і новыя кварталы Тбілісі. А найперш – мост Міру праз раку Кура. Яго лічаць адным з найпрыгажэйшых мастоў свету. Пабудавалі мост параўнальна нядаўна. У 2010 годзе, у Дзень святога Георгія, апекуна Грузіі, адкрылі. Кажуць, што ініцыятыва будоўлі сыходзіла ад Міхаіла Саакашвілі, які на той час быў на чале Грузіі. Ідэя гэтай архітэктурнай пабудовы заключаецца ў тым, што мы, людзі, адно цэлае, мы павінны жыць са згодай і ладам. Менавіта таму вечарам на шкляным даху моста загараюцца каля 30 тысяч святлодыёдных лямпачак, а праз азбуку Морзэ яны транслююць элементы табліцы Мендзялеева, якія ўваходзяць у склад чалавечага арганізма.

img_3457

img_3461

img_3679

З часу свайго адкрыцця мост Міру стаў адной з візітных картак Тбілісі. Ён – на паштоўках, канвертах, шматлікіх сувенірах і цукерках. Мост пазнаеш, калі развітваешся з вышыні з гасціннай Грузіяй.

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *