Галоўнае – бяспека дзяцей

Падзеі

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта была заслухана інфармацыя начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Н. С. Белаус. Было адзначана, што ўстановамі адукацыі і іншымі выканаўцамі ў цэлым забяспечана выкананне Комплекснага плана мерапрыемстваў па стварэнні бяспечных умоваў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі. З гэтай мэтай быў прыняты шэраг дзейсных мераў, накіраваных на стварэнне ўмоваў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, рэгулярна арганізоўваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку дзіцячага траўматызму, прадоўжана практыка міжведамаснага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых службаў па стварэнні бяспечных умоваў жыццядзейнасці дзяцей.

Пабудавана сістэма работы, накіраваная як на ўзмацненне матэрыяльна-тэхнічнай базы, так і на забеспячэнне інфармацыйнай, ідэалагічнай бяспекі, на павышэнне якасці навучання асновам бяспекі жыццядзейнасці, стварэнне здароўезберагаючых умоваў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Палепшаны ўмовы жыццядзейнасці вучняў Казлоўшчынскай сярэдняй школы, ім перададзены два будынкі каледжа, выкананы работы па бягучым рамонце харчблока ўстановы, даху адміністрацыйна-гаспадарчага корпуса. Праведзены рамонт даху гімназіі №1, у Міроўшчынскім дзіцячым садзе — капітальны рамонт даху, працягваюцца работы па рамонце сценаў, столяў. З мэтаю выканання тэмпературнага рэжыму выкананы рамонт сістэмы ацяплення ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 г. Дзятлава. Устаноўлены аконныя блокі ў гарадскіх установах адукацыі.

За кошт сродкаў раённага суботніка выкананы работы па забеспячэнні гарачай і халоднай вадой душавых пры спартыўных залах Хвінявіцкай і Гезгалаўскай школах.

Прыняты меры па ўдасканаленні арганізацыі харчавання, узмацненні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчблокаў, паэтапным укараненні камп’ютарнай праграмы “Меню”. Праведзена замена зношанага спартыўнага і гульнёвага надворнага абсталявання на дзіцячых пляцоўках за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў. У сямі ўстановах адукацыі ўкаранёны сістэмы відэаназірання, працягваюцца работы па ўстаноўцы яшчэ ў дзевяці. Усім вучням, якія маюць патрэбу, арганізаваны падвоз да месца навучання і назад. Таксама забяспечаны падвоз для навучання плаванню. Адкрыты групы падоўжанага дня, групы па доглядзе выхаванцаў у вячэрні час. Былі прыняты ўсе неабходныя меры па забеспячэнні занятасці кожнага дзіцяці ў летні перыяд. Усяго на рэалізацыю мерапрыенстваў Комплекснага плана былі выкарыстаны 809999 рублёў з розных крыніцаў. Вынікам праведзенай работы па стварэнні бяспечных умоваў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі з’явілася адсутнасць няшчасных выпадкаў, траўматызму.

Як выконваецца ўказ №100

Па выніках інвентарызацыі, праведзенай сельвыканкамамі і раённай камісіяй, на 1 лістапада 2016 года па дадзеных пагаспадарчых кніг сельвыканкамаў на тэрыторыі раёна знаходзяцца 3247 незаселеных дамоў, з якіх старых – 128 дамоў. Сельвыканкамамі зарэгістраваны 2499 паведамленняў з гарантыяй уладальнікаў на выкананне работ па прывядзенні жылых дамоў і прысядзібнай тэрыторыі ў належны стан і з намерам выкарыстоўваць пустуючыя дамы.

У 2016 годзе ўладальнікам незаселеных дамоў былі накіраваны 129 пісьмовых прадпісанняў аб прыпыненні іх безгаспадарчага ўтрымання. Па 95 прадпісаннях уласнікамі былі прыняты меры і парушэнні ліквідаваны, аднак пісьмовыя прадпісанні былі накіраваны не ўсім уласнікам у сувязі з адсутнасцю звестак пра іх месцазнаходжанне. З мэтаю ўстанаўлення месцазнаходжання ўладальнікаў пустуючых дамоў і далейшай работы ў адпаведнасці з Указам №100 раённай камісіяй па 40 незаселеных дамах былі апублікаваны звесткі ў газеце “Перамога”.

Трэба адзначыць, што з моманту дзеяння Указа №100 сельвыканкамамі былі знесены 206 старых дамоў, у тым ліку ў 2016 годзе – 38 (пры плане 39). Пасля зносу зямельныя ўчасткі далучаюцца да сельскагаспадарчага абароту, пераразмяркоўваюцца для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. У апошнія гады назіраюцца і станоўчыя аспекты рэалізацыі Указа. У 2016 годзе 13 незаселеных дамоў адрамантаваны, і ў іх з’явіліся новыя ўласнікі.

Аднак неабходна адзначыць, што не ўсе прадпісанні па прыпыненні безгаспадарчага ўтрымання незаселеных дамоў выконваюцца ва ўстаноўлены тэрмін і сельвыканкамамі далейшыя меры па іх утрыманні не прымаюцца. Слаба выкарыстоўваюцца грашовыя сродкі для рэалізацыі Указа №100. Нездавальняюча ў раёне вядзецца работа па перадачы матэрыялаў у суд для прызнання пустуючых дамоў безгаспадарчымі і далейшай перадачы іх ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Работа сельвыканкамаў у дадзеным накірунку раённым выканаўчым камітэтам прызнана недастатковай.

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта былі разгледжаны і іншыя пытанні сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна. Па ўсіх іх былі прыняты адпаведныя рашэнні. У пасяджэнні выканкама прымалі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы В. У. Міхневіч, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Р. С. Сідарэнка, начальнік аддзела прафілактыкі аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама І. У. Капіца, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама С. С. Кавалеўская.

А. КУДЗІНАЎ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *