Варта ведаць: здзелкі з каштоўнымі металамі

Здарэнні і бяспека

Пры развітай сетцы салонаў, якія гандлююць ювелірнымі ўпрыгажэннямі існуе і ценявы рынак каштоўных металаў. Найчасцей на ім прадстаўлены вырабы з золата і срэбра, якія нелегальна прывозяць з Польшчы, Расіі, Турцыі. Попыт на гэтыя (часам не самыя якасныя) тавары звязаны з іх нізкай цаной, якую ў легальных магазінах нават у час скідак не сустрэць. На тэрыторыі Дзятлаўшчыны з 2013 года міліцыя штогод выяўляе злачынствы, звязаныя са здзелкамі з каштоўнымі металамі і камянямі, пры якіх было парушана дзеючае заканадаўства.

Што варта ведаць пра здзелкі з каштоўнымі металамі, каб не нажыць непрыемнасцяў, карэспандэнтцы газеты расказаў старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі АУС Дзятлаўскага райвыканкама А. Якімчык.

— Аляксей Аляксеевіч, як часта міліцыя Дзятлаўшчыны выяўляе падобныя злачынствы? Якая адказнасць за іх прадугледжана?

— Адказнасць за такія дзеянні ўстаноўлена артыкулам 223 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або арышту, або пазбаўлення волі на тэрмін да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. На тэрыторыі нашага раёна назіраецца наступная дынаміка выяўлення злачынстваў па гэтым артыкуле: у 2013 годзе — адно, у 2014-ым — тры, у 2015-ым — шаснаццаць, сёлета — ужо сем злачынстваў.

Варта падкрэсліць, што, згодна з артыкулам 223 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, да адказнасці прыцягваюцца як збытчыкі, так і пакупнікі каштоўных металаў і камянёў. У выпадку, калі пакупнік піша яўку з павіннай, ён вызваляецца ад адказнасці, аднак набытыя незаконным шляхам каштоўнасці ўсё роўна давядзецца здаць, і грошы за іх не вернуць без адпаведнага рашэння суда. Таму неабходна ведаць, у якім выпадку здзелка паміж фізічнымі асобамі з’яўляецца законнай.

— Як звычайнаму чалавеку можна набыць або прадаць упрыгажэнне з каштоўнага металу, не парушаючы закон?

— Здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі паміж фізічнымі асобамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забаронены, акрамя дарэння, ахвяравання, перадачы ці атрымання ў спадчыну і здзелак паміж калекцыянерамі. Да здзелак з каштоўнымі металамі адносяцца: абмен, заклад, купля, продаж. Незаконнымі лічацца здзелкі з каштоўнасцямі, на якіх няма кляйма Рэспублікі Беларусь або былога СССР. Калі прадметам здзелкі з’яўляюцца вырабы з законным кляймом (або іх лом), то фактычнага парушэння няма, калі такія здзелкі не носяць рэгулярнага характару, што можна разглядаць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Рэгулярна здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі могуць здзяйсняць толькі банкі і юрыдычныя асобы, якія маюць ліцэнзію на такі від дзейнасці. Каб пазбегнуць «шэрага» імпарту існуе вызначаны парадак: каштоўнасці, прывезеныя ў Беларусь з-за мяжы, праходзяць абавязковую працэдуру клеймавання. Таму тавар у законных прадаўцоў будзе адпавядаць усім патрабаванням.

— А калі адпаведнага кляйма на вырабе не аказалася, але чалавек сцвярджае, што заказаў упрыгажэнне ў ювеліра, і яно яму не спадабалася, таму і прадае?

— Вырабленыя на заказ упрыгажэнні таксама праходзяць працэдуру абавязковага клеймавання. Кожны ювелір, які мае дазвол на выраб упрыгажэнняў з каштоўных металаў і камянёў, абавязаны адправіць іх на клеймаванне перад перадачай кліенту, інакш яго дзеянні таксама караюцца законам.

— А калі пакупнік вырашыць набыць «з рук» па нізкай цане часткі упрыгажэнняў, каб здаць іх майстру, у якога ёсць ліцэнзія, і заказаць новую рэч. Такая здзелка законная?

— Па-першае, гэта павінна быць разумная, а не прамысловая колькасць лому каштоўных металаў. Таксама пакупнік павінен прасачыць, ці ёсць на ломе, які яму прапануе прадавец, кляймо Рэспублікі Беларусь або СССР, інакш можна трапіць пад санкцыі артыкула 223 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Трэба ведаць, што без адпаведнага кляйма нельга здзяйсняць здзелкі з каштоўнымі металамі, да якіх адносяцца: золата, срэбра, плаціна, металы плацінавай групы (паладзій, ірыдый, родзій, рутэній, асміній), якія знаходзяцца ў любым выглядзе і стане, у тым ліку ў выглядзе лому, адходаў вытворчасці і спажывання, прадукцыі тэхнічнага прызначэння (сыравіны, паўфабрыкатаў, вырабаў з іх).

Ломам, які ўтрымлівае каштоўныя металы, прызнаюцца дэталі, вузлы, вырабы, у якіх ёсць пералічаныя металы і якія страцілі сваё прызначэнне і спажывецкія ўласцівасці і не выкарыстоўваюцца. Адходамі, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы і камяні, лічацца адходы вытворчасці і спажывання ў любым выглядзе і стане, у якіх ёсць каштоўныя металы або камяні. Каштоўныя камяні — гэта прыродныя дыяменты (алмазы), самарагды (изумруды), рубіны, сапфіры, александрыты, прыродны жэмчуг (за выключэннем прэснаводнага) у натуральным і апрацаваным выглядзе, уключаючы адходы, якія атрымліваюцца пры іх вытворчасці і спажыванні.

— Аляксей Аляксеевіч, падрахункуйце сказанае і дайце парады жыхарам раёна.

— Будзьце абачлівымі пры здзяйсненні любых здзелак з каштоўнымі металамі і камянямі, сачыце за наяўнасцю на іх адпаведнага кляйма. Ювелірныя вырабы найлепш набываць у спецыялізаваных ювелірных магазінах. Не парушайце дзеючага заканадаўства, бо адказнасць за такія парушэнні вельмі сур’ёзная.

Гутарыла І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *