«Увага! Самаходная і трактарная тэхніка»

Здарэнні і бяспека

Пад такой назвай з 28 верасня па 7 кастрычніка прходзіць абласная дэкада па кантролі за эксплуатацыяй самаходнай і трактарнай тэхнікі. Міжраённы аддзел ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў з удзелам Дзяржтэхнагляду звяртаюць асаблівую ўвагу на тэхнічны стан і спраўнасць знешніх светлавых прыбораў, што асабліва актуальна васенню, калі памяншаецца светлавы дзень.

Пры цяперашніх умовах аўтамабілізацыі і шчыльнасці транспартнага патоку само з’яўленне самаходнай і трактарнай тэхнікі ўжо ўспрымаецца як пагроза бяспецы дарожнага руху, а адсутнасць патрэбнага абазначэння гэтай тэхнікі ў цемры правакуе аварыі з цяжкімі наступствамі.

Так, у Астравецкім раёне ў лютым 2016 года паблізу вёскі Малі адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Вадзіцель лёгкавога аўтамабіля ў цёмны час сутак пры выкананні абгону трактара «МТЗ-1221» СВК «Вараняны» з непрацуючымі светлавымі прыборамі на прычэпе-цыстэрне выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем. У выніку аварыі два чалавекі загінулі, тры атрымалі раненні.

Варта зазначыць, што не ў перыяд сяўбы або жніва, калі на дарогах адзначаецца максімальны рух трактароў і механізмаў, а позняй восенню ў час ранішніх і вячэрніх прыцемкаў адбываецца найбольшая колькасць такіх аварый, у якіх гінуць людзі. Гэта паўтараецца з года ў год.

Праведзеныя Дзяржаўтаінспекцыяй праверкі паказалі, што нездавальняючы стан прыбораў асвятлення трактароў і прычэпаў, кормараздатчыкаў, іншых агрэгатаў і механізмаў характэрны для ўсіх рэгіёнаў Гродзеншчыны. Сёлета за нездавальняючы стан сельскагаспадарчай тэхнікі і адсутнасць допуску да ўдзелу ў дарожным руху да адказнасці па вобласці прыцягнуты 198 адказных асобаў. Аднак галоўная мэта такіх праверак — не пакараць, а не дапусціць на дарогі транспарт з няспраўнымі светлавымі прыборамі.

А. МУХА,
дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ
А. УРБАНОВІЧ,
начальнік Дзятлаўскай дыягнастычнай станцы «Белтэхагляд»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *