Кантроль, прафілактыка, дапамога

Здарэнні і бяспека

Што павінна пераважаць у працы з былым асуджаным – суровасць або, наадварот, разуменне і імкненне аказаць дапамогу? Аб гэтым і многім іншым карэспандэнтка гутарыла са старшым інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Андрэем Юшкевічам.

— Андрэй Яўгенавіч, раскажыце, калі ласка, які спектр пытанняў ахоплівае ваша структура аддзела ўнутраных спраў?

— Крымінальна-выканаўчая інспекцыя праводзіць прафілактычную работу з былымі асуджанымі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, а таксама з асуджанымі да розных відаў пакарання, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, на папраўчыя работы, грамадскія работы). Пад нашай увагай яшчэ і людзі, якія пазбаўлены права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, і тыя, якія пасля адбыцця пакарання стаяць у міліцыі на прафілактычным уліку. Cюды ўваходзяць і абавязаныя асобы, якія не займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей, не кампенсуюць дзяржаве расходы на ўтрыманне іх дзяцей, а таксама грамадзяне, якія выйшлі на волю пасля пакаранняў за цяжкія злачынствы супраць жыцця і здароўя грамадзян.

— І колькі такіх людзей у вас на кантролі?

— Цяпер 273 чалавекі, 101 з іх – не працуе (у пералік непрацуючых уключаны пенсіянеры; інваліды; жанчыны, якія знаходзяцца ў дэкрэце; грамадзяне, якія працуюць па дагаворах падраду на выкананне разавых работ або якія неафіцыйна працуюць у Расійскай Федэрацыі). Назіраем, за кошт чаго такія людзі жывуць, узаемадзейнічаем з падатковай інспекцыяй.

У асноўным з катэгорыі, як мы называем “цяжкіх асуджаных”, значную долю пастаноўкі на ўлік нам дае папраўчая калонія ў Гезгалах – там знаходзяцца грамадзяне, якія асуджаны за асабліва цяжкія злачынствы і з пакараннем на доўгі тэрмін пазбаўлення волі. Яны доўгі час знаходзяцца ў папраўчай установе, потым ім пакаранне замяняюць на больш мяккае, яны вызваляюцца і пераходзяць пад наш кантроль. Як правіла, гэтыя грамадзяне не жадаюць кудысьці пераязджаць, тым больш вяртацца дадому – каб нават не ўспамінаць пра тое, як трапілі ў турму. Большасць застаюцца на тэрыторыі раёна, абзаводзяцца сем’ямі. Такіх грамадзяне жывуць на тэрыторыі Жукоўшчынскага, Дварэцкага сельсаветаў. За апошнія гады дастаткова шмат былых асуджаных з ІКП-26 працаўладкавалася ў СВК “Граніт-Агра”, ужо паспелі ажаніцца.

Стаяць у інспекцыі на ўліку 73 чалавекі, у дачыненні да якіх можа быць устаноўлены прэвентыўны нагляд (у якіх не знята судзімасць, ёсць судзімасць за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, асуджаныя за два і больш наўмысныя злачынствы), жывуць у асноўным на тэрыторыі Дзятлаўскага і Дварэцкага сельсаветаў, гарпасёлка Наваельня. Сёлета ў адносінах да грамадзян гэтай катэгорыі ўстаноўлены 6 наглядаў.

Што датычыцца асуджаных з адтэрміноўкай выканання пакарання і ўмоўным непрымяненнем пакарання (гэта непапулярная форма адказнасці, тым не менш прымяняецца) – у нас такі адзін чалавек, жыве ў райцэнтры. Асуджаны знаходзіцца па месцы жыхарства, у адносінах да яго ўведзены пэўныя абмежаванні. Напрыклад, дадзенаму паднагляднаму забаронена пакідаць тэрыторыю горада, наведваць масавыя мерапрыемствы.

— Якія прафілактычныя меры прымяняе інспекцыя ў дачыненні да сваіх падапечных?

— На тэрыторыі раёна пастаянна праводзім мерапрыемствы па папярэджанні ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў былымі асуджанымі. Арганізоўваем акцыі з паднагляднымі з удзелам доктара-нарколага, пракурора раёна, прадстаўнікоў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, святароў, прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. У апошні час у нашых сустрэчах з паднагляднымі сталі ўдзельнічаць судовыя выканаўцы. Спецыялісты праводзяць гутаркі з паднагляднымі, прыкладаюць усе намаганні, каб аказаць ім дапамогу: па працаўладкаванні, матэрыяльную, гуманітарную, псіхалагічную. Быў у нас на ўліку паднаглядны, які часова жыў у крызісным пакоі, таму што блізкіх сваякоў у раёне ў яго няма, жылля таксама. Вось атрымалася, з дапамогай наглядальнай камісіі райвыканкама, працаўладкаваць яго ў адзін з сельгасвытворчых кааператываў раёна з прадастаўленнем яму жылля. Таксама ў час сустрэчаў дэманструем тэматычныя фільмы, такія як “Святло ў канцы тунэля”, “Крадзяжу магло б не быць” і іншыя. Многім гэта дапамагае “асвяжыць” непрыемныя ўспаміны, каб задумацца: ці варта здзяйсняць той ці іншы заганны ўчынак. Некаторым, хто парушае патрабаванні правілаў прэвентыўнага нагляду, пракурорам выносяцца афіцыйныя папярэджанні.

Вядома, усе людзі розныя: ёсць і тыя, хто аднойчы спатыкнуўся, ёсць тыя, хто доўгі час не мог збочыць з крымінальнай сцежкі. Аднак, скажу не без гонару, што нярэдкія выпадкі, калі нашы падапечныя пасля доўгай прафілактычнай работы адмаўляліся ад злачыннай дзейнасці, знаходзілі сумленныя спосабы зарабляць грошы на жыццё.

Гутарыла І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *