«Час стаць заўважным»

Здарэнні і бяспека

Рэспубліканская прафілактычная акцыя пад такой назвай праходзіць у нашай краіне з 17 па 28 кастрычніка 2016 года. У час мерапрыемства супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі асаблівую ўвагу звяртаюць на своечасовае выяўленне і ўхіленне прычынаў і ўмоваў, з-за якіх найчасцей учыняюцца дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў у цёмны час сутак.

У цемры чалавечае вока ўспрымае толькі 5% ад таго, што здольна ўспрыняць днём. Таму менавіта ў асенне-зімовы перыяд фіксуецца шмат дарожных аварый, сярод якіх пераважная большасць — гэта наезды аўтатранспарта на пешаходаў і веласіпедыстаў. Асноўнай прычынай гэтага з’яўляецца праблема своечасовага выяўлення вадзіцелем пешаходаў і веласіпедыстаў на праезнай частцы дарогі ў цемры, асабліва калі яны апрануты ў цёмную вопратку, якая зліваецца з дарогай і наваколлем. У гарадскіх умовах гэта праблема ўскладняецца інтэнсіўным святлом фараў ад сустрэчнага транспарту. А вось святлоадлюстроўваючыя элементы заўсёды відаць. Дождж і туман для іх не перашкода.

Асартымент святлоадлюстроўваючай прадукцыі ў гандлёвай сетцы даволі шырокі: нарукаўныя павязкі, тасьма, вопратка з дэталямі са святлоадлюстроўваючых матэрыялаў, жылеты, флікеры і іншае.
Варта зазначыць, што супрацоўнікі ДАІ асаблівую ўвагу звяртаюць на выкананне патрабаванняў Правілаў дарожнага руху па выкарыстанні пешаходамі ў цёмны час сутак святлоадлюстроўваючых элементаў, а таксама абсталяванні веласіпедаў святловяртальнікамі. На веласіпедзе, які рухаецца па дарозе ў цёмны час, абавязкова павінны быць: спераду — фара (ліхтар) з лямпай белага колеру, ззаду — ліхтар чырвонага колеру.

Адміністрацыйны кодэкс за ігнараванне гэтых патрабаванняў Правілаў дарожнага руху прадугледжвае адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічыняў. Калі ж парушальнік знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, то яго чакае штраф у памеры ад 3 да 5 базавых велічыняў.

А. КАЛІНІН,
старшы дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *