Знаёмства з ваеннай справай

Падзеі

1 верасня ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна на азнаямляльную экскурсію завіталі вучні 5 “А” класа сярэдняй школы №1 горада Дзятлава разам з настаўніцай Таццянай Аверкавай.

Каб зрабіць для сваіх вучняў першы ўрок Дня ведаў “Нам мір завешчана берагчы!” запамінальным, падмацаваць яго тэматыку цікавай інфармацыяй, Таццяна Уладзіміраўна накіравалася з дзеткамі менавіта ў ваенны камісарыят, бо сутнасць ваеннай справы – абарона мірнага жыцця.

Ваенны камісар Генадзь Суравец вельмі чакаў школьнікаў, крыху хваляваўся, ці будзе займальна дзесяці-адзінаццацігадовым хлопчыкам і дзяўчынкам у ваенкамаце, паколькі звычайна сюды прыходзяць старшакласнікі, якія ўжо робяць выбар будучай прафесіі або рыхтуюцца ісці ў армію. Дарма хваляваўся. Дзятва ўжо ля парога камісарыята “засыпала” яго пытаннямі: ці прама тут служаць прызваныя ў армію, ці ёсць жанчыны-ваенныя, ці ёсць у Дзятлаўскім ваенкамаце танк? А яшчэ прасілі паказаць ваенную тэхніку, прычым дзяўчынкі ў гэтым жаданні былі не менш актыўныя за хлопчыкаў.

Генадзь Тадэвушавіч правёў школьнікаў амаль па ўсіх кабінетах установы, расказаў, якую дзейнасць ажыццяўляе ваенны камісарыят, а таксама аб неабходнасці праходжання ваеннай службы для кожнага будучага мужчыны.

Зразумела, дзеці ёсць дзеці, і ім жыццёва неабходна было ўбачыць штосьці спецыфічнае, неардынарнае, што назаўсёды застанецца ў памяці. Ваенны камісар дазволіў пяцікласнікам паспрабаваць сябе ў ролі прызыўнікоў: прайсці субяседаванне, “медыцынскую камісію”, пасядзець за рулём ваеннай машыны. У аддзяленні прызыву школьнікам, у якіх ёсць старэйшыя браты прызыўнога ўзросту, паказалі іх асабістыя карткі. Захапленне выклікала тое, што ў гэтых картках пазначаны ўсе блізкія сваякі прызыўнікоў, у тым ліку, іх малодшыя сястрычкі і брацікі – госці ваенкамата.

Напрыканцы сустрэчы зрабілі сумесныя фотаздымкі. Магчыма, для кагосьці з гэтых дзетак яны будуць усё жыццё нагадваць пра першы крок у прафесію ваеннага.

IMG_9532A IMG_9538 IMG_9540 IMG_9545 IMG_9547 IMG_9550 IMG_9559 IMG_9564 IMG_9569 IMG_9579A

І. КАМАРОВА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *