Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Падзеі

30 жніўня ў Дзятлаўскім раёне вёў прыём грамадзян памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка.

Да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь людзі звяртаюцца не так часта, як на прамыя лініі, якія праводзяцца кожную суботу прадстаўнікамі органаў улады, або на прыёмы да старшыняў райвыканкамаў. На гэты высокі ўзровень прыходзяць звычайна са складанымі пытаннямі. Прыём у Дзятлаве паказаў, што асноўная частка заяваў — шматгадовыя цяжбы людзей адзін з адным або з прадпрыемствамі, органамі кіравання.

— Часам здаецца, што праблема заведзена ў тупік і не можа быць вырашана. Але нават праз дзесяцігоддзі мы павінны знайсці выхад, які будзе задавальняць усе бакі, — падкрэсліў Сяргей Васільевіч. — Можа быць, рашэнне не да канца задаволіць чалавека, але ў нейкай ступені праблему мы павінны вырашыць. Практыка паказвае, што часта некалькі гадоў таму дапушчаны промах з’яўляецца прычынай гэтых цяжкіх сітуацый. А калі больш уважліва, падрабязна разгледзець пытанне, атрымліваецца выявіць гэтую памылку і ліквідаваць яе. На жаль, часам бываюць і сітуацыі, калі людзей ужо не цікавіць вынік. Для іх важны сам працэс цяжбы, і які б вынік ні быў атрыманы, ён іх не задаволіць.

Жыхарка раённага цэнтра прасіла прадоўжыць ёй тэрмін кансервацыі незавершанага будаўніцтва жылога дома. Другая жанчына, якая страціла мужа і дачку, сёння адна выхоўвае ўнучку. Праз не адзін год пасля смерці блізкіх, атрымаўшы па рашэнні суда кампенсацыю ад арганізацыі і страхавой кампаніі за гібель мужа, яна спрабуе дамагчыся перагляду прычыны смерці дачкі.

Сяргей Раўнейка паабяцаў дэталёва разабрацца ва ўзнятых людзьмі праблемах, узяўшы для вывучэння ўсе прадстаўленыя заяўнікамі копіі дакументаў.

Зінаіда Мікалаеўна з Дзятлава паскардзілася на невысокую пенсію ў 185 рублёў. Пры гэтым не раз падкрэслівала, што органы сацыяльнай абароны раёна пастаянна аказваюць ёй дапамогу. Як высветлілася, яе дачка жыве ў Ізраілі, сын у Гродне.

— Ніякіх падставаў для павышэння Вам пенсіі няма, — растлумачыў ёй Сяргей Васільевіч. — А вось з вашым сынам я пагавару. У Вас ёсць дом, дзеці, унукі. Будзе дапамагаць і мясцовая ўлада ў межах закона.

Па просьбе пенсіянеркі ёй будзе выдзелена гародніна на зіму. Работнікі мясцовага ЖКГ дапамогуць ліквідаваць працяканне даху.

3031d8ec1ea5362e0dd6d8a12adfa295

З просьбай вярнуць дапамогу па доглядзе за сынам, інвалідам першай групы, звярнулася яго маці. А знялі дапамогу за тое, што на яе былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за ўжыванне спіртных напояў. Рашэнне мясцовымі органамі ўлады прынята правільнае, такое даручэнне было дадзена камітэтам па працы і сацыяльнай абароне аблвыканкама пасля выдадзенага пракуратурай вобласці прадпісання. Такія меры былі прынятыя па ўсёй вобласці з мэтай абараніць інтарэсы, а часам і жыццё нямоглых людзей.

Сяргей Раўнейка лічыць, што ў гэтым выпадку неабходна падысці да пытання індывідуальна. Можна абавязаць участковага ўсталяваць нагляд за такім чалавекам. Але ніхто не зможа дагледзець інваліда так, як гэта зробіць маці. Тым больш што яе ўжо пакаралі, што стала добрым урокам на будучыню. Пытанне аб вяртанні дапамогі будзе разгледжана. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таксама паабяцаў, што малады чалавек зможа прайсці рэабілітацыю ва ўстанове аховы здароўя абласнога цэнтра.

— Мы гатовыя ў некаторай ступені пайсці і на неардынарныя рашэнні, — лічыць Сяргей Васільевіч. — Я часта пытаю ў людзей: што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб вырашыць праблемы? Большасць людзей не могуць адказаць, што ж яны хочуць, бо ўжо жывуць гэтым супрацьстаяннем. Шмат у чым праблемы спараджае адсутнасць увагі да гэтых людзей у першую чаргу з боку іх блізкіх. Неабходна і больш пільная ўвага органаў сацыяльнай абароны, мясцовых органаў улады, нельга выпускаць з-пад увагі праблемы маленькага чалавека. А ім часам досыць аказаць увагу. У нас у краіне народаўладдзе, і людзі — гэта наша ўлада. Праблемы, жаданні, клопаты кожнага чалавека — гэта агульнадзяржаўныя праблемы.

— Усе пытанні, узнятыя людзьмі, будуць пастаўлены на строгі кантроль, — падкрэсліў Сяргей Раўнейка. — Цяпер мы знаходзімся ў перыядзе электаральнай кампаніі, калі актыўнасць грамадзян павышаецца. Магчымасць стасункаў з людзьмі — гэта магчымасць атрымання інфармацыі, якая потым выльецца ў рашэнні розных узроўняў. Не ўсе праблемы можна вырашыць імгненна, але ім будзе нададзена пільная ўвага.

Па матэрыялах газеты «Гродзенская праўда»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *