Цікавая ідэя, якую падтрымалі дарослыя

Падзеі

У кожнага з нас ёсць свае захапленні або справы, якімі нам падабаецца займацца. Цудоўна, калі гэтыя справы прыносяць поспех і зацікаўліваюць іншых. Паспяховай стала ідэя навучэнца Наваельнянскай сярэдняй школы Ягора Сокала (сёлета ён ідзе ў дзявяты клас). Спроба хлопца дапамагчы бацьку ў сямейнай справе пры падтрымцы дарослых перарасла ў перспектыўны навуковы праект. Як гэта адбылося, карэспандэнтцы газеты расказаў сам школьнік.

— Ягор, як узнікла ідэя твайго навуковага праекта? Што гэта за праект?

— Назва маёй работы — «Штучнае развядзенне карася серабрыстага». Развядзеннем рыбы мы пачыналі займацца разам з бацькам Сяргеем Уладзіміравічам Сокалам. Перад гэтым ён арэндаваў сажалку, запусціў туды малькоў. Гэта рыба падрасла, і мы сабраліся зарыбіць сажалку зноў. Аднак малькі каштуюць дорага. Каб сэканоміць, я прапанаваў паспрабаваць вывесці карасёў самастойна.

Тэарытычна ведаў, што для гэтага спатрэбіцца нескладанае прыстасаванне — апарат Вейса. Ён уяўляе сабой дзве ёмістасці з вадой, куды змяшчаюць ікру. Ёмістасці падключаны да маторчыка, які прымушае ваду цыркуліраваць у апараце, каб ікрынкі пастаянна рухаліся на працягу ўсяго інкубацыйнага перыяду. Бацьку задумка спадабалася, і ён дапамог яе ажыццявіць. Варта зазначыць, што без падтрымкі дарослых мае ідэі, хутчэй за ўсё, засталіся б тэорыяй.

Біяматэрыял для будучых малькоў мы таксама здабылі самастойна. Для гэтага вылавілі ў нашай сажалцы дарослых рыбін, атрымалі з іх ікру і малокі, пачалі інкубіраваць. Пасля першых поспехаў я вырашыў на аснове нашага практычнага вопыту напісаць навуковую работу.

— Да каго на гэты раз звярнуўся па дапамогу?

— Да настаўніцы біялогіі Алены Вільгельмаўны Баковіч. Яна падтрымала задумку і падказала нам, што менавіта павінна быць апісана ў навуковай рабоце, якія фотаздымкі неабходна зрабіць, як аформіць матэрыял, на якія пытанні звярнуць асаблівую ўвагу. Калі навуковы праект быў поўнасцю аформлены, мы вырашылі паслаць яго на абласны конкурс даследчых работ «Крыштальная Альфа». У выніку праект «Штучнае развядзенне карася серабрыстага» быў адзначаны дыпломам першай ступені ў секцыі «Біялогія».

— Але гэта не адзіная ўзнагарода за тваю работу?

— Наш праект зацікавіў многіх. Сярод атрыманых узнагародаў — пахвальны водгук за паспяховае выступленне ў секцыі «Біялогія» на ХХ Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў; дыплом другой ступені на Х адкрытай міжнароднай навукова-даследчай канферэнцыі маладых даследчыкаў «Адукацыя. Навука. Прафесія» (горад Самара); дыплом трэцяй ступені нацыянальнага этапу міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу Stockholm Junior Water Prize; трэцяе месца ў абласным этапе конкурсу біёлага-экалагічных работ.

_MG_0377

— Што цікавага ты даведаўся ў час работы над праектам?

— Я лепш зразумеў, як жывуць, размнажаюцца, харчуюцца рыбы. Паглыбіў свае веды па біялогіі. Серабрысты карась, развядзеннем якога мы займаліся, непатрабавальны да якасці вады, жывучы, просты ў развядзенні. Мы выбралі менавіта непатрабавальную рыбу, паколькі гэта быў наш першы вопыт даследчай дзейнасці. Серабрыстага карася вырошчвалі на продаж і каб зарыбіць сваю сажалку. Цяпер зацікавіліся карасём залацістым, які занесены ў Чырвоную кнігу. Звярнуць увагу на «чырванакніжны» від нам параілі ў час выступлення на нацыянальным этапе міжнароднага юніёрскага воднага конкурсу Stockholm Junior Water Prize, зазначыўшы, што такі вопыт павінен зацікавіць навукоўцаў. Мы паспрабуем разводзіць карася залацістага і аднаўляць папуляцыю гэтага рэдкага віду. Ведаю, што залацістыя карасі выдатна жывуць у тых жа вадаёмах, што і серабрыстыя, толькі сустракаюцца значна радзей. Харчуецца карась дробнымі бесхрыбетнымі, рачкамі і водарасцямі. Гэтая рыба карысная тым, што ачышчае ад расліннасці вадаём, у якім жыве. Упэўнены, што пісаць работу пра залацістага карася таксама будзе вельмі цікава.

— Хто яшчэ з родных падтрымлівае тваё захапленне?

— Акрамя таты, мяне заўсёды падтрымлівае мама. Яшчэ ў мяне ёсць дарослыя брат і сястра, якія маюць свае сем’і. Яны не вельмі цікавіліся праектам, але рыбу любяць. На дачы, калі мы збіраемся ўсёй сям’ёй, гатуем юшку. Праўда, я сам не люблю есці рыбу, але з задавальненнем дапамагаю яе лавиць и гатаваць. Наша дача карыстаецца папулярнасцю і ў гасцей, паколькі бацька займаецца агратурызмам.   

— Якія яшчэ школьныя прадметы табе падабаюцца?

— Інфарматыка, матэматыка, хімія, фізіка. Раней я прымаў удзел у алімпіядзе па матэматыцы, але не займаў прызавых месцаў. Лепш даецца інфарматыка, люблю праграміраваць і ствараць простыя камп’ютарныя гульні. Разам з аднакласнікам Яўгенам Анушкевічам мы стварылі інтэлектуальную камп’ютарную гульню-віктарыну аб піянерах-героях. У абласным конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці «Патрыёт. by» ў намінацыі «Мы ў памяці захоўваем імёны герояў» наша гульня адзначана дыпломам трэцяй ступені.

Наогул, пакуль вучуся ў школе, хачу многае паспець. Напрыклад, напісаць новую даследчую работу, але ўжо па іншым прадмеце, можна выбраць інфарматыку або фізіку. Галоўнае, як я зразумеў, — гэта старанне і цікавасць да таго, чым займаешся.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *