Як засцерагчы сябе ад спякоты?

Сацыяльная сфера

Парады дае доктар-тэрапеўт Дзятлаўскай раённай паліклінікі А. Гірык.

— Перш за ўсё ў спякоту насіце вопратку з натуральных тканінаў. Выпівайце ў суткі не менш за 2 літры вады. Старайцеся піць цёплую ваду — гэта дазволіць пазбегнуць праблемаў з горлам. Да мінімуму звядзіце выкарыстанне дэкаратыўнай касметыкі.

У спякоту нельга займацца актыўным спортам.

Тым людзям, якія маюць праблемы з сэрцам, варта быць асабліва асцярожнымі. Усе актыўныя мерапрыемствы імкніцеся арганізоўваць да або пасля спякоты. Папрацавалі 30-40 хвілін — адпачніце.

Не трэба палоць агарод або збіраць ягады, сагнуўшыся і апусціўшы галаву. Калі доўга знаходзіцца ў такой позе, парушаецца адток крыві ад галавы, могуць узнікнуць галавакружэнне, рэзкі пад’ём артэрыяльнага ціску. Таму такія работы варта выконваць, седзячы на невысокай лаўцы.

У асабліва спякотныя дні на сонцапёку будзьце не больш за 15 хвілін, затым пастарайцеся перайсці ў цянёк.
Не шукайце паратунку ад спякоты ў халоднай вадзе. Асабліва небяспечна такое купанне для людзей, якія пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца, для якой характэрна звужэнне сасудаў. Халодная вада выкліча іх спазм, што ў сваю чаргу можа справакаваць прыступ стэнакардыі і нават інфаркт міякарда.

Падрыхтавала да друку А. ДУБРОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *