Тры ўзнагароды і прапанова аб супрацоўніцтве

Падзеі

Дзятлаўскія сыраробы пабылі на юбілейнай 20 Міжнароднай харчовай выставе «InterFood St. Petersburg-2016», якая нядаўна праходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў выставачным цэнтры «Экспафорум». Гэта выстава — своеасаблівая пляцоўка для сустрэчаў і дзелавога дыялога паміж лепшымі вытворцамі харчовай прадукцыі і прадстаўнікамі гандлю. На ёй былі шырока прадстаўлены прадукты харчавання, напоі і абсталяванне для харчовай прамысловасці. Сёлета ў выставе прынялі ўдзел каля 70 кампаній з Расіі, Беларусі, Казахстана, Індыі, Кітая, Тайланда. У рамках мерапрыемства ладзіўся конкурс «Лепшы прадукт InterFood St. Petersburg», які дазваляе прадпрыемствам-удзельнікам пацвердзіць якасць вырабляемай прадукцыі і павысіць узровень даверу да яе з боку пакупніка.
У склад дэлегацыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» уваходзілі галоўны інжынер прадпрыемства В. А. Болцік, начальнік аддзела забеспячэння і збыту Л. А Лявонава, спецыяліст па знешне-эканамічнай дзейнасці Т. М. Тухто, тэхнік-тэхнолаг А. В. Якімчык. У паўночнай сталіцы Расіі дзятлаўскія сыраробы сустрэліся са сваімі гандлёвымі партнёрамі (прадстаўнікамі кампаніі «Нева мілк», фірмы «ОРП-М», ААТ «Мясамалпрам»), пабылі на харчовых складах, пабачылі, як захоўваецца і наразаецца для продажу прадукцыя «Сырной страны».
На выставе «InterFood St. Petersburg» Беларусь сёлета прадстаўлялі адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Калінкавіцкі мясакамбінат», «Мінск Крышталь», «Слуцкі воцатавы завод»,»Красный пищевик», «Дзятлаўскі сыраробны завод». Да афармлення сваёй экспазіцыі дзятлаўчане, як заўсёды, падышлі творча: прысутнічала сімволіка завода — брэндавыя жоўта-сінія колеры, карабельчык з сырнымі ветразямі, механічныя фігуркі сыраробаў. Каб падкрэсліць, што «Сырная страна» менавіта беларускае прадпрыемства, выкарысталі ручнікі і нацыянальную сімволіку. Наведвальнікаў выставы частавалі дзятлаўскім сырам, які тут быў прадстаўлены ў шырокім асартыменце, і іншай прадукцыяй завода. Падобныя дэгустацыі прадукцыі дапамагаюць пакупнікам вызначыць, што ім найбольш прыйшлося да густу, каб у далейшым зрабіць свой выбар на карысць тавара, які спадабаўся.
Каб афіцыйна пацвердзіць якасць выпускаемай прадукцыі, ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» прыняў удзел у конкурсе «Лепшы прадукт InterFood St. Petersburg-2016». Прадукцыя была заяўлена ў трох конкурсных намінацыях. У намінацыі «Плаўленыя сыры» — сыр «Беларускі» (каўбасны вэнджаны) 30% тлушчу. У намінацыі «Масла» — масла салодкавяршковае несалёнае «Крестьянское» 72,5% тлушчу. У намінацыі «Сыры паўцвёрдыя і мяккія» — лідар продажу сыр «Расійскі новы экстра» 45% тлушчу; сыр мяккі слабасалёны «Рыкота» 25% тлушчу; сыр мяккі «Capresi elite» з пажытнікам 35% тлушчу. Усе конкурсныя ўзоры былі зашыфраваны і прайшлі ацэнку па смакавых уласцівасцях і якасці.

IMG_0216a

IMG_0221a
У выніку ўзнагароды атрымалі тры віды прадукцыі «Сырной страны». Залатым медалём за першае месца ў конкурсе і званнем «Лепшы прадукт InterFood St. Petersburg-2016» адзначана масла салодкавяршковае несалёнае «Крестьянское». Дыпломам за другое месца — сыр мяккі «Capresi elite» з пажытнікам. Дыпломам за трэцяе месца — сыр мяккі слабасалёны «Рыкота». Таксама дзятлаўскія сыраробы атрымалі сертыфікат удзельніка Міжнароднай харчовай выставы «InterFood St. Petersburg-2016».
Але гэта далёка не ўсе дасягненні нашых землякоў. У час мерапрыемства пастаўкамі новых відаў прадукцыі ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» (мяккімі сырамі тыпу рыкота і капрэзэ) зацікавілася прадстаўнікі гандлёвага дома ААТ «ПроDстар». Фірма мае намер стаць асноўным пакупніком дзятлаўскай рыкоты ў Расіі. Цяпер абодва бакі знаходзяцца ў стадыі заключэння дамовы на пастаўку прадукцыі.
І. КАЎКЕЛЬ
НА ФОТАЗДЫМКАХ: сертыфікат і ўзнагароды ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод» за ўдзел у Міжнароднай харчовай выставе і конкурсе «Лепшы прадукт InterFood St. Petersburg-2016».
Фота Б. ВАРНЫ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *