На якіх азёрах можна купацца

Спорт і турызм

У рэдакцыю з пытаннем звярнулася жыхарка горада Дзятлава:

— Ці можна сёлета купацца на дзятлаўскім возеры? Дзе яшчэ ў нашым раёне можна адпачываць і купацца?

Адказвае галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Вячаславаўна Шэйбак:

— У Дзятлаўскім раёне ёсць чатыры месцы адпачынку, абсталяваныя для купання (пляжы), зацверджаныя рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта №113 ад 29 сакавіка 2016 года. Гэта тры аб’екты, якія знаходзяцца на абслугоўванні Дзятлаўскага РУП ЖКГ: гарадскі пляж у горадзе Дзятлаве, пляжы ў Наваельні і Гезгалах. Чацвёрты аб’ект — возера ўрочышча Рыбакі, або пляж санаторыя «Радон», дзе абсталяваны дзіцячая і дарослая зоны для купання.
Суб’екты гаспадарання, за якімі замацаваны пералічаныя тэрыторыі, падрыхтавалі іх да купальнага сезона: усталявалі стэнды, ценявыя навесы, лаўкі, мосцікі для заходу ў ваду, бакі і кантэйнерныя пляцоўкі для смецця, туалеты.
Дзятлаўскі райЦГЭ праводзіў праверку месцаў адпачынку, калі былі заўвагі — выносіліся рэкамендацыі, якія поўнасцю выкананы суб’ектамі гаспадарання. Усе  пляжы гатовы да купальнага сезона. У красавіку і маі на водных аб’ектах месцаў адпачынку бралі пробы вады для мікрабіялагічнага і санітарна-хімічнага даследаванняў. Вада адпавядае патрабаванням бяспекі.
З чэрвеня Дзятлаўскім райЦГЭ праводзіцца штотыднёвы маніторынг вады (мікрабіялагічнае даследаванне), паралельна такое ж даследаванне вядуць субекты гаспадарання, таму кантроль атрымліваецца двайны. Калі вынікі гэтых даследаванняў будуць нездавальняючымі, насельніцтва раёна будзе папярэджана праз сродкі масавай інфармацыі і з дапамогай спецыяльных таблічак аб забароне купання.

Падрыхтавала да друку І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *