Характары — розныя, захапленні — агульныя

Падзеі

Нядаўна адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў раённага конкурсу «Маладыя сем’і, раскажыце пра сябе», які праходзіў на Дзятлаўшчыне з ініцыятывы раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ў рамках дзейнасці раённага Клуба маладой сям’і. Пераможцай конкурсу стала сям’я Арцёма і Вольгі Орсікаў. Знаёмцеся!

— Раскажыце, ці даўно вы разам, якой была ваша першая сустрэча?

Арцём: у жніўні мы будзем адзначаць 5 гадоў сумеснага жыцця, а пазнаёміліся ў 10-ым класе. Апошнія два гады перад выпускам мы вучыліся ў Гродзенскай гімназіі №1. Там быў сфарміраваны зборны профільны клас, дзе займаліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў нашай вобласці. Вольга прыехала са Скідзеля, я — з Дзятлава.

Вольга: мы проста былі аднакласнікамі, нават і падумаць не маглі, што калі-небудзь будзем разам. Праўда, я добра запомніла першую сустрэчу на агульным сходзе. Арцём вылучаўся сярод іншых хлопцаў сваім нефармальным стылем: доўгія валасы, завушніцы, шырокія штаны, жоўтая майка.

_MG_7913

— А калі зразумелі, што вы — дзве палавінкі?

Арцём: ужо ў час вучобы ў медыцынскім універсітэце, на другім курсе. У мяне быў экзамен па анатоміі, і неабходна было падрыхтавацца. Сам я недасканала ведаў прадмет, вось і вырашыў звярнуцца да былой аднакласніцы па дапамогу. Вольга жыла ў нашым інтэрнаце, толькі на іншым паверсе. На посьбу яна адгукнулася, даступна патлумачыла ўсе пытанні, і я стаў часцей заходзіць у госці.

Вольга: пасля заканчэння гімназіі мы вучыліся на розных курсах, нават і не думалі, што будзем сустракацца, закахаемся. Усё змяніла тая падрыхтоўка да экзамена, мы прыгледзеліся адзін да аднаго і зразумелі, што нам цікава разам.

— Калі адбылася прапанова рукі і сэрца?

Арцём: на пятым курсе ў навагоднюю ноч. Я тады працаваў санітарам у бальніцы. На заробленыя грошы набыў пярсцёнак. Праўда, мне якраз у Новы год выпала дзяжурства, але прапанову рукі і сэрца я ўсё роўна Вользе зрабіў — і пайшоў на работу.

— Што цікавага было на вашым вяселлі?

Вольга: здаецца, усё адпавядала традыцыі, толькі мой брат зрабіў нам невялікі сюрпрыз — паклікаў у вясельны картэж трох байкераў. Пасля мы змаглі наладзіць цікавую фотасесію з матацыкламі.

— Якія сумесныя інтарэсы, захапленні вас аб’ядноўваюць?

Вольга: у першую чаргу — медыцына. Мы зусім розныя па характары: я люблю пагаварыць, Арцём — памаўчаць. Затое абодва любім чытаць і абмяркоўваць прачытаныя кнігі, ездзіць у лес па грыбы, падарожнічаць. Дарэчы, пасля вяселля мы ездзілі ў Егіпет, пабачылі піраміды, сфінкса, пакупаліся ў моры.

Арцём: падарожнічаць нам абодвум цікава. Ездзілі таксама ў Вільнюс на канцэрт Ляпіса Трубяцкога. Але часцей падарожнічаем па Беларусі: наведваемся да ўніверсітэцкіх сяброў, якія размеркаваліся ў розныя гарады. Яны таксама бываюць у нас на Дзятлаўшчыне. Што тычыцца далёкіх паездак, то ў наступны раз марым пабыць у Грузіі або ў туры па Еўропе.

— Хто лідар у вашай сям’і?

Арцём: важныя рашэнні прымаем разам, у астатніх выпадках — усё залежыць ад таго, хто з нас больш кампетэнтны ў вырашэнні ўзніклай праблемы.

— У вас ёсць дзеці?

Вольга: сын Цімафей, якому у сакавіку было 3 гады. Ён любіць спяваць, танцаваць, вельмі актыўны, цікаўны хлопчык.

— Якая у вас самая запаветная мара?

Арцём: марым пабудаваць свой уласны дом, паколькі абодва выраслі ў прыватным сектары. Хочам, каб ён быў вялікі і ўтульны, бо мы гасцінныя гаспадары.

Вольга: у нас абавязкова будзе камін або альтанка — тое месца, дзе можна пасядзець з гасцямі і роднымі за кубачкам кавы. А яшчэ марым завесці вялікага сабаку.

— Як вы даведаліся пра конкурс і прынялі рашэнне паўдзельнічаць у ім?

Вольга: паколькі я не мясцовая, папрасіла мужа выпісаць раёнку, каб ведаць навіны Дзятлаўшчыны. Арцём якраз быў у Мінску на курсах, калі мне на вочы трапіўся артыкул аб моладзевым конкурсе «Маладыя сем’і, раскажыце пра сябе». Ідэя конкурсу мне спадабалася, заставалася толькі заручыцца падтрымкай мужа, якому адразу ж патэлефанавала.

Арцём: першае маё пытанне было, ці не трэба там выходзіць на сцэну, бо я чалавек не публічны. Калі Вольга сказала, што не — даў дабро на ўдзел. Як бачыце, усё было не дарэмна, і мы атрымалі прыз.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *